2018-04-07 13:45:00

Папа сустрэўся з членамі “Супольнасці Эмануэль”


Не стамляцца несці Божую міласэрнасць і быць галоўнымі дзеючымі асобамі Касцёла, які выходзіць насустрач людзям, заклікаў Святы Айцец членаў “Супольнасці Эмануэль” (Communauté de l’Emmanuel), якіх 7 красавіка 2018 г. прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Пантыфік заўважыў, што за 40 гадоў місійная дзейнасць гэтага каталіцкага аб’яднання ахапіла ўсе кантыненты, абуджаючы вялікую колькасць пакліканняў і прыносячы вялізарныя плёны ў справе евангелізацыі. Ён заклікаў сваіх гасцей працягваць несці Добрую вестку і Божую міласэрнасць, асабліва самым бедным, “даглядаючы іх раны з дапамогай евангельскага суцяшэння, салідарнасці і ўвагі”.

“Заклікаю вас заставацца ўкаранёнымі ў Хрысце праз глыбокае духоўнае жыццё і давер да Святога Духа, Які дапамагае ў нашых слабасцях і вылечвае ад усяго, што аслабляе нашу місійную дзейнасць. Неабходна бараніць у сэрцы гарачае жаданне перадачы радасці Евангелля ўсім, хто яе не ведае або згубіў; быць галоўнымі дзеючымі асобамі Касцёла, які выходзіць насустрач людзям, што з’яўляецца вяршыняй маіх жаданняў”, - сказаў Папа.

“Супольнасць Эмануэль” з’яўляецца міжнародным каталіцкім аб’яднаннем, якое было заснавана ў 1976 г. Яго члены імкнуцца да святасці праз актыўны ўдзел у евангелізацыі і адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. У 2016 г. супольнасць налічвала каля 10 тыс. членаў у 59 краінах свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.