2018-04-10 13:58:00

Ватыканскія музеі з двума эксклюзіўнымі ініцыятывамі


З двума цікавымі ініцыятывамі выступілі Ватыканскія музеі. Першая з іх, гэта незвычайныя экскурсіі, якія пачынаюцца ў шэсць гадзін раніцы, яшчэ да адкрыцця комплексу, і завяршаюцца сняданкам, другая – “Мастацкія ночы” (Notturni d’arte). 

Ранішняе наведванне дасць магчымасць паназіраць за працэсам падрыхтоўкі да адкрыцця Музеяў: можна будзе ўбачыць як адчыняюцца выставачныя залы, уключаецца ілюмінацыя, у тым ліку ў Сікстынскай капэле. Для ўдзелу ў гэтай адзінай у сваім родзе спецыяльнай экскурсіі, якая пройдзе ў невялікай групе, трэба даслаць запыт па электроннай пошце (visitespeciali.musei@scv.va) або патэлефанаваць (+ 39 06 69881435). У сетцы можна ўбачыць відэа-прэзентацыю экскурсіі пад назвай “Добрай раніцы Ватыканскія музеі”(Good Morning Vatican Museums). Пасля яе завяршэння ўдзельнікі паснедаюць у кафэ-бістро, размешчаным на тэрыторыі музейнага комплексу.

“Мастацкія ночы” – ініцыятыва не новая. Яна праходзіць ужо некалькі год з красавіка па кастрычнік у кожную пятніцу. Як гаворыцца ў спецыяльным паведамленні, у гэты перыяд Музеі “падвояць” сваю культурную праграму. У кожную з 27-мі пятніц, з 20 красавіка па 26 кастрычніка 2018 г., будуць праходзіць адмысловыя канцэрты. У гэтыя дні Музеі будуць адчынены пасля афіцыйных гадзін працы, з 19.00 да амаль поўначы.

Білеты на “Мастацкія ночы” можна замовіць выключна он-лайн на старонцы Ватыканскіх музеяў.








All the contents on this site are copyrighted ©.