2018-04-10 14:32:00

Папа да Місіянераў міласэрнасці: быць паслухмянымі Духу


Быць здольнымі “нараджацца нанова” і служыць супольнасцям, каб з радасцю і шчырасцю жыць запаведдзю любові, заклікаў Папа падчас Эўхарыстыі, якая прайшла ў базыліцы св. Пятра 10 красавіка 2018 г. у рамках сустрэчы Місіянераў Міласэрнасці – святароў, якім ён даручыў быць асаблівымі сведкамі бязмежнай дабрыні і спагады Бога ў розных частках свету. 

У гаміліі Пантыфік заўважыў, што пакліканыя сведчыць аб уваскрасенні Хрыста павінны самі “нарадзіцца нанова”. У адваротным выпадку можна не зразумець логікі Бога – логікі ласкі і міласэрнасці, паводле якой, “хто становіцца малым – вялікі, хто становіцца апошнім – першы, хто прызнае сябе хворым – аздараўляецца”, сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што “нарадзіцца нанова”, не значыць ператварыцца ў людзей з нейкім “надзвычайным харызматам”. Гаворка ідзе пра тое, каб “быць святарамі звычайнымі, простымі, ціхімі, ураўнаважанымі, і ў той жа час, здольнымі заўсёды дазваляць Святому Духу адраджаць сябе, паслухмянымі Яго сіле, унутрана свабоднымі – у першую чаргу ад саміх сябе”.

Гаворачы аб важнасці служэння на карысць супольнасці, Папа заклікаў Місіянераў Міласэрнасці быць людзьмі, здольнымі “ўздымаць” у “пустыні” свету знак збаўлення – “крыж Хрыста, як крыніцу навяртання і абнаўлення ўсёй супольнасці і ўсяго свету”.

Пантыфік падкрэліў, што менавіта памерлы і ўваскрослы Хрыстус – гэта сіла, якая стварае еднасць у Касцёле, а праз Касцёл, ва ўсім чалавецтве. Аб гэтым казаў сам Езус напярэдадні мукі: “І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе” (Ян 12,32).

“Гэта сіла адзінства праявілася ад самага пачатку ў ерузалемскай супольнасці, дзе, як заўважае кніга Дзеяў Апосталаў, “усе тыя, хто паверыў, былі адзіныя сэрцам і душою”. Гэта было такое адзінства, дзе па-сапраўднаму дзяліліся дабротамі, дзе “ўсё ў іх было супольнае” і дзе “не было сярод іх нікога, хто б цярпеў нястачу”, - нагадаў Святы Айцец.

Паводле яго, такі лад жыцця першых хрысціян “заражаў” людзей навокал. “Жывая прысутнасць Уваскрослага Пана стварае сілу, якая прываблівае і праз сведчанне Касцёла і розныя формы абвяшчэння Добрай Навіны імкнецца дасягнуць усіх, не выключаючы нікога”, - сказаў Папа і заклікаў святароў паставіць на службу гэтай дынаміцы сваё асаблівае служэнне ў якасці Місіянераў Міласэрнасці.

“Насамрэч, як Касцёл, так і свет сёння маюць асаблівую патрэбу ў міласэрнасці, каб еднасць, якой жадаў Бог у Хрысце, панавала над негатыўнай дзейнасцю злога, які карыстаецца шматлікімі сучаснымі сродкамі, добрымі самімі па сабе, але пры дрэнным выкарыстанні, замест яднання, сеючымі падзелы. Мы маем перакананне, што “еднасць узносіцца над канфліктам”, але ведаем таксама, што без міласэрнасці гэты прынцып не мае сілы, каб канкрэтным чынам споўніцца ў жыцці і гісторыі”, - падкрэсліў Пантыфік.

У рымскай сустрэчы Місіянераў Міласэрнасці прымае ўдзел каля 500 святароў з пяці кантынентаў. Форум завершыцца 11 красавіка св. Імшой у базыліцы св. Яна на Латэране, якую ўзначаліць арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.