2018-04-11 15:18:00

Пантыфік благаславіў электрабалід для “Формулы Е”


Францішак благаславіў 11 красавіка 2018 г. электрабалід для аўтагонак “Формулы Е”. Аўтамабіль быў дастаўлены на плошчу перад Домам св. Марты, дзе пражывае Пантыфік. Цырымонія адбылася перад пачаткам агульнай аўдыенцыі. У ёй узялі ўдзел стваральнікі аўто і арганізатары чэмпіянату.

“Формула E” – гэта клас аўтагонак на электрамабілях, заснаваны ў 2012 г. і санкцыянаваны міжнароднай аўтамабільнай федэрацыяй “FIA”. Мэтай стала імкненне стварыць лабараторыю для даследаванняў і распрацоўкі электрычных транспартных сродкаў, а таксама іх папулярызацыя.

Святы Пасад даўно ставіць на электрамабілі. У ватыканскім гаражы шмат машын з электрычным прывадам. Так, некалькі месяцаў таму “General Motors” падарыла Пантыфіку тры такога роду аўтамабілі. Раней, у свой 80-ы Дзень нараджэння ў снежні 2016 г. Францішак атрымаў у падарунак ад адной берлінскай кампаніі электрычны “Nissan”. А да Году Міласэрнасці нямецкі канцэрн “BMW” перадаў Святому Пасаду некалькі сваіх электракараў.

Трэба нагадаць, што падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI на электрамабілі пераселі ватыканскія службы парадку.








All the contents on this site are copyrighted ©.