cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Аўдыенцыі і "Анёл Панскі"

Пантыфік: хрост – гэта другі Дзень нараджэння

Пантыфік: хрост – гэта другі Дзень нараджэння - AFP

11/04/2018 12:19

“Хрост – гэта фундамент усяго хрысціянскага жыцця. Гэта першы з сакрамэнтаў, у сілу таго, што з’яўляецца брамай, якая дазваляе Хрысту Пану пасяліцца ў нас, а нам – паглыбіцца ў нашага Настаўніка”, - адзначыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 11 красавіка 2018 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. 

Францішак заўважыў, што пяцьдзесят дзён літургічнага Велікоднага перыяду – гэта спрыяльны час, каб паразважаць аб хрысціянскім жыцці, якое паходзіць ад самаго Хрыста. “Насамрэч, мы настолькі з’яўляемся хрысціянамі, наколькі дазваляем Езусу Хрысту жыць у нас”, - сказаў ён і прапанаваў пачаць гаворку на гэту тэму ад самых вытокаў – з сакрамэнту хросту. 

“Грэчаскае слова “хрысціць” азначае “пагружаць”. Паліванне вадой – гэта супольны для розных вераванняў абрад, які выяўляе пераход з аднаго стану ў іншы, з’яўляецца знакам ачышчэння для новага пачатку. Але мы, хрысціяне, не павінны забывацца пра адну рэч: наколькі цела павінна быць пагружана ў ваду, настолькі душа павінна быць паглыблена ў Хрыста, каб атрымаць прабачэнне граху і заззяць Боскім святлом. Моцай Святога Духа, хрост пагружае нас у смерць і ўваскрасенне Пана, топячы ў хрысцільных водах старога чалавека, апанаванага грахом, што аддзяляе ад Бога, і нараджаючы новага чалавека, створанага нанова ў Езусе. У Ім усе дзеці Адама пакліканы да новага жыцця”, - адзначыў Папа. 

Францішак заклікаў вернікаў заўсёды памятаць дату свайго хросту, бо для хрысціян гэты дзень з’яўляецца “другім Днём нараджэння”. Ён нагадаў словы Езуса да Нікадэма: “Калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства. Народжанае з цела, ёсць целам, а народжанае з Духа, ёсць духам” (Ян 3,5-6). 

“Занураючы ў Хрыста, хрост робіць нас таксама членамі Яго Цела: мы не ізаляваныя. Ахрышчаныя – не ізаляваныя асобы, але члены Хрыстовага Цела, якім з’яўляецца Касцёл, удзельнікі Яго місіі ў свеце. Жыццядайнасць, якая выцякае з хрысцільнай крыніцы, адлюстравана словамі Езуса: “Я – вінаградная лаза, вы – галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён” (Ян 15,5). Тое ж жыццё, жыццё Святога Духа, сыходзіць ад Хрыста на ахрышчаных, яднаючы іх у адно Цела (пар. 1 Кар 12,13), намашчанае святым алеем і ўмацаванае Эўхарыстычным пасілкам”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, хрост “дазваляе Хрысту жыць у нас, а нам жыць у адзінстве з Ім, каб супрацоўнічаць у Касцёле, кожны згодна з уласным станам, у ператварэнні свету”. Аднойчы атрыманае хрысцільнае паліванне асвячае ўсё наша жыццё, кіруючы нашы крокі аж да Нябеснага Ерузалема, дадаў ён.

Францішак заўважыў, што яшчэ са старажытных часоў існаваў звычай хрышчэння дзяцей у веры бацькоў. “Некаторыя людзі думаюць: для чаго хрысціць дзіця, якое нічога не разумее? Мы думаем, што яно вырасце, зразумее і само спытае аб хросце. Але гэта азначае адсутнасць даверу да Святога Духа, бо калі мы хрысцім дзіця, у яго ўваходзіць Святы Дух і ад самага маленства дапамагае ўзрастаць у ім хрысціянскім цнотам, якія потым расквітнеюць. Заўсёды трэба даваць гэту магчымасць кожнаму, усім дзецям, – мець унутры сябе Святога Духа, Які будзе весці іх па жыцці. Не забывайцеся хрысціць дзяцей”, - заклікаў Пантыфік. 

Папа падкрэсліў, што хрост заўсёды з’яўляецца шчырым дарам, як для дарослых, так і для немаўлят. “Як адбываецца з зернем, поўным жыцця, так і гэты дар укараняецца і прыносіць плён у глебе, насыначай верай. Абяцанні хросту, якія мы штогадова абнаўляем у Пасхальную Вігілію павінны абнаўляцца штодзённа, каб хрост “ахрысціяніў” тых, хто яго атрымаў, робячы іх “Alter Christus”, - сказаў на заканчэнне катэхезы Францішак.


11/04/2018 12:19