2018-04-11 11:54:00

Святы Пасад да будыстаў: разам змагацца з карупцыяй


Папская рада па міжрэлігійным дыялогу павіншавала будыстаў са святам Весак. “Няхай яно прынясе радасць і спакой усім вам, вашым сем’ям і вашым супольнасцям па ўсім свеце”, - гаворыцца ў спецыяльным пасланні, падпісаным кіраўніцтвам дыкастэрыі.

Святочны зварот стаў нагодай і да ўзняцця складыных пытанняў. Прадстаўнікі Святога Пасаду звяртаюць увагу на “пільную патрэбу садзейнічання фарміраванню культуры, свабоднай ад карупцыі”. З’ява выкарыстання ўлады для асабістай выгады, у дзяржаўным і прыватным сектарах, стала настолькі распаўсюджанай, што ААН абвясціла Міжнародны дзень барацьбы з карупцыяй. Рэлігійныя лідэры таксама павінны садзейнічаць фарміраванню культуры законнасці і празрыстасці, гаворыцца ў пасланні, падпісаным кардыналам Жанам-Луі Таранам і арцыбіскупам Мігелем Анхелем Аюса Гішотам.

За карупцыю заўсёды плацяць самыя бедныя, нагадалі аўтары. Яна вынікае з ганарыстасці і пагарды да іншых, таму вылечыць яе можа пакорлівая дабрачыннасць і дапамога іншым.

Таксама і будысты расцэньваюць карупцыю як нездаровы стан розуму, які выклікае пакуты і прыводзіць да грамадскіх хвароб, а вынікае з прагнасці, нянавісці і падману, гаворыцца ў пасланні. Будысцкія вучэнне і практыка не толькі не ўхваляюць карупцыі, але і імкнуцца змяніць нездаровы стан розуму, намераў, звычак і дзеянняў карумпаваных асоб.

Нягледзячы на тое, што і каталіцкая, і будысцкая традыцыі цвёрда асуджаюць гэта зло, на жаль, прызнаюць аўтары паслання, некаторыя з паслядоўнікаў удзельнічаюць у карупцыі, што прыводзіць да нізкага эканамічнага росту, аслаблення інвестыцый, інфляцыі, грашовай дэвальвацыі, ухілення ад падаткаў, высокай няроўнасці, дрэннай адукацыі, нізкага ўзроўню інфраструктуры і дэградацыі навакольнага асяроддзя. Яна таксама пагражае здароўю і бяспецы людзей і грамадстваў. У выніку расце незадаволенасць грамадзян, чым карыстаюцца папулісцкія рухі, часта матываваныя рэлігійным фундаменталізмам, народжаныя ў знак пратэсту супраць зрыву грамадскай цэласнасці, - робяць аналіз кіраўнікі Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.

Адказам на карупцыю не можа быць маўчанне, - гаворыцца ў пасланні - таму будысты і хрысціяне, на аснове сваіх этычных вучэнняў, павінны працаваць разам для прадухілення гэтай з’явы шляхам выкаранення яе прычын. Паслядоўнікі і будызму, і хрысціянства, для барацьбы з карупцыяй, апрача маральнай паслядоўнасці, павінны развіваць пачуццё справядлівасці і адказнасці. 

Прадстаўнікі Святога Пасаду выступілі з канкрэтнымі прапановамі, якія, на іх думку, дапамогуць знішчыць карупцыю. Тут патрэбна: супрацоўніцтва са СМІ і грамадзянскай супольнасцю і інфармаванне грамадскасці аб карупцыі; прыцягненне карупцыянераў да адказнасці; натхненне палітыкаў і дзяржаўных служачых да дзейнасці на аснове максімальнай фіскальнай цэласнасці; патрабаванне належнай прававой працэдуры па вяртанні скрадзеных актываў; спрыянне большаму ўдзелу жанчын у палітыцы; недапушчэнне да дзяржаўнай службы тых, хто займаецца незаконнай дзейнасцю; ўкараненне празрыстых і інклюзіўных інстытутаў на аснове вяршэнства права, на карысць належнага кіравання, падсправаздачнасці і цэласнасці.
Завяршаецца пасланне заклікам да будавання грамадства, свабоднага ад карупцыі, дзе пануе сумленнасць і цэласнасць.

Весак – будысцкае свята ў гонар нараджэння, прасвятлення і смерці Буды. Згодна з традыцыяй, усе гэтыя падзеі адбыліся ў адзін і той жа дзень – у майскую поўню. Яно шырока святкуецца ў краінах Паўднёвай Азіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.