2018-04-12 14:38:00

Святы Айцец: хрысціяне не гандлююць праўдай


Хрысціянін не гандлюе праўдай, а яго сведчанне стварае нязручнасці, падкрэсліў Францішак 12 красавіка 2018 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы Дома св. Марты. 

У гаміліі ён адзначыў, што пяцьдзесят дзён пасля ўваскрасення Пана былі для апосталаў перыядам сапраўднай радасці, але яшчэ пазначаным сумнівамі, страхам і няўпэўненасцю адносна будучыні. Толькі пасля Пяцідзесятніцы іх радасць стала адважнай, бо “Святы Дух дапамог ім зразумець усё”.

Спасылаючыся на першае літургічнае чытанне (Дз 5,27-33), Папа звярнуў увагу на паслухмянасць апосталаў Божай волі. Ён нагадаў, што ім было забаронена навучаць у імя Езуса, але яны працягвалі рабіць гэта нават нягледзячы на звязаную з гэтым небяспеку, а першасвятару, які нагадаў пра забарону, Пётр адказаў: “Трэба слухацца Бога больш, чым людзей”. 

Паводле Пантыфіка, паслухмянасць была рысай, якая характарызавала апосталаў, што атрымалі Святога Духа, менавіта такой было стаўленне Езуса, Які цалкам выканаў Божую волю. “Паслухмянасць – гэта шлях, які Божы Сын адкрыў перад намі”, - удакладніў Францішак.

Іншая характэрная рыса апосталаў – гэта сведчанне, якое стварае нязручнасці для свету. Папа звярнуў увагу на спакусу пошуку кампрамісу паміж справамі гэтага свету і Божымі, якой часам паддаюца вызнаўцы Хрыста, і дадаў, што гэта не адпавядае хрысціянскаму сведчанню, хоць яму ўласціва талерантнасць і “цярплівасць у суправаджэнні людзей, якія не падзяляюць нашага спосабу мыслення і нашай веры”. “Суправаджэнне – так, але гандаль праўдай – ніколі”, падкрэсліў Святы Айцец.

Гаворачы пра важнасць сведчання, Пантыфік узгадаў пра прыклад шматлікіх хрысціян, якія ў краінах Афрыкі і Блізкага Усходу падвяргаюцца пераследу за веру і аддаюць жыццё за яе.

Паводле Францішка, вучняў Езуса павінна таксама характарызаваць канкрэтнасць, якая з’яўляецца плёнам асабістай сустрэчы з Хрыстом. Ён заўважыў, што грахі, кампрамісы, страх часта прымушаюць забыцца пра першую сустрэчу, якая змяніла наша жыццё, або узгадваць аб ёй у нібыта “разбаўленым” выглядзе, што робіць з нас “разбаўленых” і павярхоўных хрысціян.

Францішак заклікаў вернікаў маліцца аб ласцы радасці, якая паходзіць ад Святога Духа: радасці пасхальнай паслухмянасці, радасці пасхальнага сведчання і радасці пасхальнай канкрэтнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.