Святы Айцец напісаў прадмову да кнігі журналіста Мікэле Дзандзукі “Улада і грошы: сацыяльная справядлівасць паводле Бэрголіа” (Potere e denaro – la giustizia sociale secondo Bergoglio), якая 12 красавіка 2018 г. з’явілася на паліцах італьянскіх кнігарняў.
“Спачатку як просты хрысціян, потым як законнік і святар, а цяпер як Папа, я лічу, што сацыяльныя і эканамічныя пытанні не могуць быць чужымі евангельскаму пасланню”, - напісаў Пантыфік. Ён дадаў, што следам за сваімі папярэднікамі імкнецца быць голасам бедных, адрынутых і пакутуючых.
Святы Айцец падкрэсліў, што падчас сваіх падарожжаў па свеце заўважыў парадокс глабалізаванай эканомікі, якая мае магчымасць накарміць усіх жыхароў планеты, але канцэнтруе большасць сродкаў у руках вузкага кола людзей. У гэтай сітуацыі Касцёл не можа маўчаць і жадае супрацоўнічаць з людзьмі, якія мірным чынам кажуць “не” несправядлівасці.
Пантыфік катэгарычна супраць выкарыстання грошай, залітых кроўю нявінных людзей, якія атрымліваюцца ад распальвання войнаў і продажу зброі. Ён звярнуўся да тых, хто спекулюе на людзях і выкарыстоўвае бліжніх, каб адшукалі страчанае пачуццё гуманнасці і справядлівасці.
Папа прызнаўся, што працягне з Евангеллем у руцэ выкрываць і асуджаць асабістыя і грамадскія грахі супраць Бога і бліжняга, якія здзяйсняюцца ў імя ідала грошай і ўлады. “Евангелле – гэта не ўтопія, а рэальная надзея, у тым ліку і для эканомікі”, - напісаў ён.
Святы Айцец заклікаў паставіць у цэнтр эканомікі чалавека. Ён выказаў сваю падзяку велізарнаму “войску дабра”, якое ў сваёй грамадскай дзейнасці ўзброена толькі любоўю да справядлівасці, павагай да законнасці і клопатам пра ўсіх людзей. На яго думку, такая дзейнасць змяняе свет, робячы яго больш добрым і прыгожым.
Мікеле Дзандзукі, аўтар кнігі “Улада і грошы: сацыяльная справядлівасць паводле Бэрголіа”, з’яўляецца журналістам газеты “Avvenire”, якая належыць Канферэнцыі Біскупаў Італіі, выкладае ў Папскім грыгарыянскім універсітэце і іншых навучальных установах.
All the contents on this site are copyrighted ©. |