2018-04-14 13:48:00

Пантыфік: універсітэты – майстэрні дыялогу ў служэнні ісціны


Францішак сустрэўся 14 красавіка 2018 г. з кіраўніцтвам і папячыцелямі амерыканскага каталіцкага Універсітэта Віланова. Ён пажадаў, каб рымскі візіт стаў для іх “крыніцай духоўнага абнаўлення”.

Пантыфік нагадаў, што навучальная ўстанова, заснаваная Ордэнам св. Аўгустына, была створана, каб захаваць і перадаваць багацце каталіцкай традыцыі новым пакаленням студэнтаў, якія, як малады Аўгустын, шукаюць праўдзівага сэнсу і каштоўнасцяў у жыцці. Ён пажадаў, каб універсітэт, захоўваючы вернасць гэтай канцэпцыі ў навучанні і даследаваннях, улічваў складаныя этычныя і культурныя праблемы, абумоўленыя эпахальнымі зменамі, што ўплываюць на сучасны свет. 

“Я спадзяюся, што ў кожным аспекце свайго жыцця і місіі Універсітэт Віланова будзе працягваць свае намаганні па перадачы інтэлектуальных, духоўных і маральных каштоўнасцяў, якія дазволяць маладым людзям разумна і адказна ўдзельнічаць у вялікіх дэбатах, якія фарміруюць будучыню грамадства”, - сказаў Святы Айцец.

Адным з неадкладнах аспектаў гэтай навучальнай задачы, лічыць Пантыфік, з’яўляецца “распрацоўка ўніверсальнага, “каталіцкага” бачання адзінства чалавечай сям’і, і прыхільнасць практычнай салідарнасці, неабходнай для барацьбы з сур’ёзнымі няроўнасцю і несправядлівасцю, якія характарызуюць сучасны свет”. 

“Універсітэты, па самой сваёй прыродзе, пакліканы быць майстэрнямі дыялогу і сустрэч у служэнні ісціны, справядлівасці і абароны чалавечай годнасці на кожным узроўні. Гэта асабліва актуальна ў дачыненні да каталіцкіх устаноў, як ваша, якія ўносяць уклад у місію Касцёла па садзейнічанні аўтэнтычнаму і інтэгральнаму росту чалавечай сям’і да сваёй канчатковай паўнаты ў Богу”, - адзначыў Папа, спачылаючыся на сваю Апостальскую канстытуцыю “Veritatis gaudium”.

“Ніхто не ведаў лепш, чым св. Агустын няўрымслівасць чалавечага сэрца, пакуль яно не знойдзе спакою ў Богу, у Езусе Хрысце, і гэта адкрывае нам самую глыбокую праўду пра наша жыццё і наш канчатковы лёс. Няхай дні разважанняў, дыскусій і сустрэч зацвердзяць вас у вашай прыхільнасці місіі ўніверсітэта ў служэнні праўдзе, якая робіць нас свабоднымі”, - пажадаў Францішак кіраўніцтву і мецэнатам навучальнай установы.

Універсітэт Віланова быў заснаваны ў 1842 г. Ордэнам св. Аўгустына. Ён размешчаны ў архідыяцэзіі Філадэльфія, у штаце Пенсільванія, у Злучаных Штатах і названы ў гонар св. Тамаша з Вілановы. З’яўляецца самым старым каталіцкім універсітэтам штата.








All the contents on this site are copyrighted ©.