2018-04-16 14:01:00

Пантыфік заклікаў да бескарыслівасці веры


Да бескарыслівага наследавання Езуса заклікаў Папа 16 красавіка 2018 г., падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Спасылаючыся на фрагмент Евангелля св. Яна (Ян 6, 22-29), які апавядае аб натоўпе, што шукаў Езуса, ён запрасіў памятаць пра тое, што Бог зрабіў у нашым жыцці, адказваючы на гэта любоўю.

Святы Айцец нагадаў, што пасля цудоўнага размнажэння хлябоў і рыб натоўп хацеў зрабіць Езуса каралём, і шукаў яго не толькі жадаючы слухаць яго, але з выгады, бо рабіў цуды. Таму Езус сыходзіць, а калі Яго знаходзяць, кажа ім: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся. Клапаціцеся не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец”. 

Францішак звярнуў увагу на два аспекты гэтай сітуацыі: з аднаго боку, шукалі Збаўцу, імкнучыся пачуць Яго словы, кіруючыся верай, а з другога, па прычыне свайго эгаізму. Яны былі добрымі людзьмі, але эгаістычнымі. Вось чаму Езус дакарае іх.

Папа спаслаўся на першае чытанне сённяшняй Літургіі слова (Дз 6, 8-15), у якім аўтар паказвае св. Стэфана перад Высокай радай, кажучы выразна, што старэйшыя і кніжнікі не маглі супрацьстаяць мудрасці і Духу, з якімі ён прамаўляў. Пантыфік падкрэсліў бескарыслівую веру св. Стэфана, якога не цікавілі наступствы: паклёп і каменаванне, калі гаворка ішла пра сведчанне аб Хрысце.

Нагадваючы пра розніцу веры натоўпу і св. Стэфана, Францішак заклікаў вернікаў паставіць сабе пытанне: чаму я іду за Езусам? Ён звярнуў увагу на неабходнасць “асвяжыць” памяць, узгадваючы тыя канкрэтныя рэчы, якія Езус зрабіў у маім жыцці.

“Мы знойдзем шмат цудоўных рэчаў, якія Збаўца даў нам дарма, таму што любіць нас: кожнага з нас. І калі ўбачу, што Езус зрабіў для мяне, задам сабе другое пытанне: што я павінен зрабіць для Яго? Такім чынам, з гэтымі двума пытаннямі мы, магчыма, зможам ачысціцца з любога роду карыслівасці ў нашай веры. Калі я бачу ўсё, што Езус даў мне, шчодрасць сэрца кажа: “Так, Пане, я даю ўсё! І ўжо не буду рабіць тых памылак, тых грахоў. Маё жыццё ў гэтым аспекце зменіцца...”. Шлях навяртання з падставай у любові: ты даў мне так шмат любові, я таксама даю табе маю любоў”, - пракаментаваў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што гэтыя два пытанні – добры тэст, каб паглядзець, як мы ідзём за Езусам, каб такім чынам ачысціць нашу веру з любога роду карыслівасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.