cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Касцёл \ Касцёл у Беларусі

Вучні Ёзэфа Ратцынгера збяруцца ў Кастэль-Гандольфа

Вучні Ёзэфа Ратцынгера збяруцца ў Кастэль-Гандольфа - ANSA

17/04/2018 15:18

6-9 верасня 2018 г. у Кастэль-Гандольфа адбудзецца чарговае пасяджэнне “Кола вучняў Ратцынгера” (Ratzinger Schuelerkreis) – аб’яднання былых дактарантаў Бэнэдыкта XVI, якое ўтварылася ў той перыяд, калі цяперашні Папа на пенсіі займаўся выкладчыцкай і даследчай дзейнасцю як прафесар тэалогіі. Бліжэйшая сустрэча будзе прысвечана тэме: “Касцёл і дзяржава. Касцёл і грамадства”.

Рэлятарам пасяджэння выступіць прафесар Уда Дзі Фабіа, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Германіі, спецыяліст па міжнародным, еўрапейскім і парламенцкім праве. Славуты юрыст з’яўляўся таксама старшынёй навуковага камітэта Лютэранскай Царквы ў Германіі, створанага з нагоды 500-годдзя Рэфармацыі.

Упершыню за ўвесь час існавання “Кола вучняў Ратцынгера” , сёлета ў яго пасяджэнні прымуць удзел члены “Новага кола вучняў” (Nuovo Schuelerkreis) –маладыя даследчыкі навуковай спадчыны Бэнэдыкта XVI, якія ніколі не былі яго непасрэднымі студэнтамі. У гэту групу ўваходзіць 31 малады тэолаг, сярод якіх ёсць не толькі католікі, але і праваслаўныя.

“Кола вучняў Ратцынгера” існуе з 1977 г. Яно ўзнікла для арганізацыі сустрэч дактарантаў з іх навуковым кіраўніком. Нават тады, калі Ратцынгер стаў прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, тэолагі не перасталі сустракацца. Зараз семінары праводзяцца раз у год. На працягу апошніх гадоў Бэнэдыкт XVI не прымае ў іх удзелу, але заўсёды імкнецца знайсці час, каб памаліцца разам са сваімі былымі студэнтамі або пазнаёміцца з вынікамі іх дыскусій.

Падчас сустрэч навукоўцы абмяркоўваюць розныя пытанні. У 2017 г. у цэнтры ўвагі іх пасяджэння была тэма пераследу хрысціян і мучаніцтва.


17/04/2018 15:18