2018-04-17 14:49:00

Святы Пасад у ААН пра правы жанчын падчас канфліктаў


Жанчыны ў сучасным свеце пакутуюць занадта часта, у прыватнасці, ад сексуальнага гвалту, учыненага падчас узброеных канфліктаў, звярнуў увагу арцыбіскуп Бернардзіта Ауса 16 красавіка 2018 г. у Нью-Ёрку. Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы ў Савеце Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прыняў удзел у адкрытай дыскусіі па праблемах жанчын, міру і бяспекі.

Рашэннем дадзенага пытання павінна стаць спыненне і прадухіленне канфліктаў. І Апостальская Сталіца актыўна заахвочвае дзяржавы-члены ўрэгуляваць свае спрэчкі шляхам дыялогу і перамоў. “Не існуе лепшага сродку для абароны жанчын ад гвалту падчас канфліктаў, чым прадухіленне пачатку самога канфлікту”, - адзначыў ватыканскі дыпламат.

Прадухіленне любых форм гвалту ў адносінах да жанчын ва ўмовах канфліктаў і абарона іх законных правоў і інтарэсаў павінны быць неад’емнай часткай міратворчых аперацый. Таксама ў постканфліктных сітуацыях, якія адзначаюцца хаатычнасцю і беззаконнем, жанчыны патрабуюць абароны. Тут міжнародная супольнасць павінна актыўна дапамагаць у мэтах садзейнічання адукацыі, эканамічнага і сацыяльнага развіцця, дадаў арцыбіскуп. 

Што тычыцца доступу да адукацыі, тут Касцёл робіць свой значны ўнёсак. Сёння маладыя жанчыны і дзяўчынкі складаюць большасць вучняў у каталіцкіх навучальных установах на ўсіх узроўнях ва ўсім свеце. Гэта тычыцца, у прыватнасці, і тых рэгіёнаў, дзе яны па-ранейшаму падвяргаюцца дыскрымінацыі, паведаміў іерарх. Дзяржавы павінны максімальна актывізаваць свае намаганні ў мэтах забеспячэння судовага пераследу асоб, якія ўчынілі злачынствы гвалту, дадаў ён.

Ватыканскі дыпламат нагадаў, што і ў нармальнай сітуацыі міру і бяспекі роля жанчын у грамадскім жыцці павінна быць прызнана і ацэнена, а іх удзел у ім гарантаваны.








All the contents on this site are copyrighted ©.