2018-04-18 15:36:00

Пантыфік заклікаў паважаць права на жыццё


На завяршэнне агульнай аўдыенцыі 18 красавіка 2018 г., Святы Айцец заклікаў паважаць жыццё 40-гадовага француза Венсана Ламбера і 2-гадовага англічаніна Альфі Эванса. Яго бацьку, Тома Эванса, Францішак прыняў раніцай на прыватнай аўдыенцыі.

“Хачу падкрэсліць і рашуча заявіць, што адзіным Валадаром жыцця з самага пачатку да натуральнага канца ёсць Бог, і наш абавязак рабіць усё, што ў нашых сілах, каб абараніць жыццё. Падумаем у маўчанні і памолімся за шанаванне жыцця кожнага чалавека, асабліва гэтых двух нашых братоў”, - сказаў Пантыфік.

Венсану Ламберу 40 гадоў. У 2008 г. ён трапіў у аварыю на матацыкле. З таго часу ён прабывае ў мінімальным стане свядомасці: рэагуе, рухае вачыма, адчувае боль, плача. Вінсан знаходзіцца пад апекай медыкаў у шпіталі ў Рэймсе, на поўначы Францыі. Адключыць яго ад зонда харчавання намагаецца яго жонка і браты. Яны спасылаюцца на права, якое дазваляе прасіць заканчэнне жыцця для блізкага сваяка, калі тэрапія не дае ніякіх эфектаў. На гэта не пагаджаюцца бацькі Венсана. Выпадак стаў гучным пасля таго, як маці напісала ліст да Прэзідэнта Францыі з просьбай не дапусціць, каб яе сына адключылі ад апаратуры.

Народжаны ў 2016 г. Альфі Эванс знаходзіцца ў дзіцячай бальніцы ў Ліверпулі. У хлопчыка сур’ёзнае пашкоджанне галаўнога мозгу. Па словах лекараў, ён жыве выключна дзякуючы падлучэнню да спецыялізаванага медыцынскага абсталявання. Хоць урачы не ў стане паставіць выразны і пэўны дыягназ, яны вырашылі, што лепшы варыянт – адключыць дзіця ад апаратаў падтрымкі жыцця. З гэтым цалкам не згодныя бацькі хлопчыка. Яны сцвярджаюць, што жыццё іх сына можа быць прадоўжана і таму хочуць перавезці яго ў Рым для спецыяльнай тэрапіі, якая можа выратаваць яму жыццё.








All the contents on this site are copyrighted ©.