2018-04-19 13:46:00

Папа да законнікаў: адрозніваць важнае ад другаснага


“Св. Бэнэдыкт быў ззяючай зоркай у свой час, пазначаны глыбокім крызісам каштоўнасцяў і інстытутаў, таму што быў здольным адрозніваць важнае ад другаснага ў духоўным жыцці, моцна ставячы ў цэнтр Пана. Таксама і вы, яго дзеці ў гэты наш час, павінны практыкаваць праніклівасць, каб адрозніваць тое, што паходзіць ад Святога Духа, ад таго, што паходзіць ад духа свету і духа д’ябла”, - заклікаў Папа прадстаўнікоў Бэнэдыктынскай Канфедэрацыі.

Папа прыняў законнікаў на аўдыенцыі 19 красавіка 2018 г. у ватыканскім Апостальскім палацы, якая была прымеркаванага да 125-годдзя гэтага аб’яднання манаскіх супольнасцяў, натхнёных духоўнасцю св. Бэнэдыкта. У сустрэчы прынялі ўдзел каля 400 чалавек.

Францішак адзначыў фундаментальную важнасць малітоўнага жыцця для законнікаў, якое нараджае ў сэрцах дух абноўленага запалу і вядзе, праз штодзённую працу, да пошуку дзялення дарамі Божай мудрасці з іншымі людзьмі: “з супольнасцю, з тымі, хто прыходзіць у кляштар са сваім пошукам Бога, з тымі, хто вучыцца ў вашых школах, калегіўмах і ўніверсітэтах”.

Папа нагадаў пра асаблівую важнасць літургіі для бэнэдыктынскай духоўнасці, якая дазваляе самім законнікам знаходзіцца ў жывой прысутнасці Пана, а таксама з’яўляецца каштоўнай для ўсяго Касцёла, будучы на працягу стагоддзяў нібыта крынічнай вадой, якая ўмацоўвае здольнасць жыць, асабіста і ў супольнасці, сустрэчай з Уваскрослым Панам.

Пантыфік пажадаў, каб бэнэдыктынскія кляштары былі сапраўднымі “аазісамі”, дзе людзі сучаснай эпохі, незалежна ад узросту, паходжання, культуры ці веравызнання, маглі б адкрываць для сябе прыгажосць цішыні і адшукання саміх сябе ў гармоніі са стварэннем, дазваляючы Богу аднаўляць слушны парадак у сваім жыцці. 

“Бэнэдыктынскі харызмат гасціннасці вельмі каштоўны для новай евангелізацыі, бо дае вам магчымасць прыняць Хрыста ў кожным чалавеку, які прыбывае, дапамагаючы тым, хто шукае Бога, атрымаць духоўныя дары, якія Ён мае для кожнага з нас”, - дадаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што няма супярэчнасці паміж сузіральным жыццём і служэннем бліжняму. Ён заклікаў законнікаў спрыяць экуменізму і міжрэлігійнаму дыялогу, працягваць працу ў сферы адукацыі і пажадаў, каб разам з ведамі студэнты бэнэдыктынскіх навучальных установаў атрымлівалі прылады, неабходныя для ўзрастання ў мудрасці, якая нястомна падштурхоўвае да пошуку Бога ў жыцці – мудрасці, якая прывядзе да практыкавання ўзаемапаразумення, у свеце, які моцна прагне міру.








All the contents on this site are copyrighted ©.