2018-04-19 12:00:00

Святы Пасад далучыўся да Пагаднення аб культурных маршрутах


Апостальская Сталіца далучылася да Пашыранага частковага пагаднення па культурных маршрутах (Enlarged Partial Agrement on Cultural Routes) – міжнароднай дамовы, пакліканай спрыяць захаванню і папулярызацыі супольнай культурнай і гістарычнай спадчыны еўрапейскага кантынента. Адмысловы ліст ад 21 сакавіка 2018 г. быў скіраваны cакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, на імя Генеральнага сакратара Савета Еўропы, спадара Турб’ерна Ягланда. 

Апостальская Сталіца стала 31 членам гэтай дамовы. Яе прадстаўніком пры ініцыятыве, у супрацоўніцтве са спецыяльнай місіяй Святога Пасаду пры Савеце Еўропы, будзе мансеньёр Маурыцыа Брава, Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры Сусветнай арганізацыі турызма.

Праграма вызначэння культурных маршрутаў, якія маюць фундаментальнае значэнне для еўрапейскай тоеснасці, была ініцыявана Саветам Еўропы ў 1987 г. праз адмысловую сертыфікацыю пілігрымковага шляху ў Сант’яга-дзі-Кампастэла. 

На сённяшні дзень падобнае афіцыйнае прызнанне маюць іншыя 30 маршрутаў, значная частка з якіх спалучана з рэлігійным вымярэннем еўрапескай гісторыі: “Шлях франкаў” (1994), “Еўрапейскі маршрут яўрэйскай спадчыны” (2004), “Шлях св. Марціна Турскага” (2005), “Па месцах Клюнійскага руху” (2005), “Трансраманіка” (2007), “Еўрапейскі шлях цыстэрцыянскіх абацтваў” (2010), “Шлях еўрапейскіх могілак” (2010), “Маршруты св. Олафа” (2010), “Шлях гугенотаў і вальдэнсаў” (2013).

Прынятае Камітэтам міністраў Савета Еўропы ў 2010 г. Пагадненне па культурных маршрутах адкрыта для ўсіх краін, якія жадаюць аказваць палітычную падтрымку нацыянальным, рэгіянальным і мясцовым ініцыятывам ў галіне развіцця культуры і турызма. Праз сваё далучэнне да дамовы Святы Пасад пажадаў прадэманстраваць зацікаўленасць у спрыянні таму, што з’яўляецца супольным і ўзбагачаючым для еўрапейскае тоеснасці і яе спадчыны каштоўнасцяў і ідэалаў.  








All the contents on this site are copyrighted ©.