cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Падзеі і дакументы

Кардынал Таран сустрэўся з каралём Саудаўскай Аравіі

Кардынал Таран сустрэўся з каралём Саудаўскай Аравіі

20/04/2018 12:25

Да “шчырага дыялогу з мэтай знайсці дзейсныя рашэнні выклікам” сучаснага свету заклікаў лідэраў Саудаўскай Аравіі старшыня Папскай рады па міжрэлігійных дыялогу кардынал Жан-Луі Таран падчас сустрэчы з каралём краіны Салманам ібн Абдул-Азіз Аль Саудам і міністрам замежным спраў Адэлем аль-Джубэйрам. Афіцыйны візіт дэлегацыі Апостальскай Сталіцы ў гэтую блізкаўсходнюю краіну праходзіць з 13 па 20 красавіка 2018 г.

Пераказаўшы саудаўскаму манарху “шчырыя малітоўныя пажаданні” з боку Папы, ватыканскі іерарх падзякаваў каралю за шчодрую гасціннасць і прадпрыняцце “важных ініцыятыў, якія сведчаць пра значную адкрытасць на іншыя рэлігіі, асабліва да хрысціянства”.

Кардынал Таран узгадаў “папярэднія важныя саудаўскія ініцыятывы адносна міжрэлігійнага дыялогу”, падкрэсліўшы, “наколькі згубнай з’яўляецца інструменталізацыя рэлігіі ў палітычных мэтах”. У гэтым кантэксце ён агучыў запрашэнне да дыялогу, накіраванага на пошук эфектыўных адказаў на выклікі сучаснага свету.

Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу на “сотні тысяч хрысціянскіх працаўнікоў”, што налічваюцца ў Саудаўскай Аравіі. Гэта тое пытанне, за якім, паводле яго слоў, “Францішак сочыць з вялікай увагай”. Нарэшце, пурпурат нагадаў пра неабходнасць грунтоўнага навучання маладога пакалення справядлівасці і міру – “крохкаму скарбу, які трэба абараняць”. “Мір неаддзельны ад справядлівасці: няма міру без справядлівасці, ні справядлівасці – без прабачэння”, – адзначыў іерарх.

Акрамя сустрэчы з каралём Саудаўскай Аравіі, дэлегацыя Апостальскай Сталіцы наведала мясцовы Цэнтр па барацьбе з экстрэмісцкай ідэалогіяй, сустрэлася з Генеральным сакратаром Сусветнай мусульманскай лігі, шэйхам Мухамадам Абдулам Карымам Аль-Ісой, а таксама была прынята старшынёй Кансультатыўнай Рады краіны Абдулой ібн-Мухамедам Аль-Шэйхам.


20/04/2018 12:25