2018-04-20 11:26:00

Францішак на поўдні Італіі: Бог – сапраўднае дабро


Быць уважлівымі да бедных і будаваць Касцёл, які сведчыць, што Бог – гэта адзінае сапраўднае дабро, заклікаў Францішак падчас сустрэчы з жыхарамі горада Алесана, які знаходзіцца ў італьянскім рэгіёне Апулія. Папа адправіўся на поўдзень Апенінскага паўвострава з нагоды 25-годдзя смерці мясцовага біскупа, Слугі Божага Антоніа Бэла, якога, за сціплы лад жыцця і блізкасць да людзей, вернікі ласкава называлі Дон Таніна. 

Раніцай 20 красавіка 2018 г. самалёт з Францішкам на борце прызямліўся ў аэрапорце горада Галаціна. Затым, з дапамогай верталёта, Папа дабраўся да Алесана, дзе адразу накіраваўся на могілкі, каб ушанаваць магілу біскупа Бэла. Гледзячы на простую пліту, якая ляжыць на месцы пахавання славутага італьянскага іерарха, Пантыфік заўважыў, што нават яго магіла “не ўзносіцца манументальна ўгару, але ўкаранёная ў зямлі”. Пасля прыватнай малітвы ён сустрэўся са сваякамі Слугі Божага.

З могілак Святы Айцец накіраваўся на бліжэйшую плошчу, дзе яго чакалі каля 20 тыс. мясцовых жыхароў. Прывітальнае слова да Папы скіраваў  біскуп Віта Анджулі, ардынарый дыяцэзіі Уджэнта-Санта-Марыя-дзі-Леўка. Іерарх падкрэсліў актуальнасць сведчання, якое пакінуў біскуп Бэла і выказаў надзею, што хутка ён будзе ўзнесены да хвалы алтароў. Біскуп Анджулі таксама звярнуў увагу на некаторыя сацыяльныя праблемы рэгіёна, у прыватнасці, звязаныя з экалагічнымі крызісам і беспрацоўем.

Звяртаючыся да прысутных, Папа падкрэсліў, што для біскупа Бэла разуменне бедных было сапраўдным багаццем. “Касцёл, які клапоціцца пра бедных, заўсёды застаецца настроеным на Божы канал, ніколі не губляе частаты Евангелля і адчувае абавязак вяртацца да сутнасна важнага, каб паслядоўна вызнаваць, што Пан – гэта адзінае сапраўднае дабро”, - сказаў Пантыфік.

Указваючы на прыклад славутага іерарха, Святы Айцец падкрэсліў, што блізкасць да бедных павінна выражацца не ў тэорыі, а ў канкрэтных дзеяннях. “У яго не выклікалі трывогі просьбы, але раніла абыякавасць. Ён не баяўся недахопу грошай, але турбаваўся па прычыне нестабільнай сітуацыі з працай. Ён не губляў нагоды, каб сцвердзіць, што на першым месцы знаходзіцца працаўнік са сваёй годнасцю, а не прыбытак са сваёй прагнасцю”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што біскуп Антоніа Бэла ніколі “не стаяў са складзенымі рукамі”. “Ён дзейнічаў на мясцовым узроўні, каб сеяць мір на глабальным, з перакананасцю, што лепшы спосаб для прафілактыкі насілля і рознага роду войнаў – гэта клопат пра патрабуючых і спрыянне справядлівасці. Сапраўды, калі вайна нараджае беднасць, таксама і беднасць нараджае войны”, - адзначыў Святы Айцец.

Францішак звярнуў увагу на тое, што Апулія з’яўляецца паўднёвым рэгіёнам Італіі, які, на падабенства акна, расчыняецца ў бок той часткі свету, “дзе бедныя становяцца ўсё больш шматлікімі, у той час як багатыя становяцца яшчэ багацейшымі і ўсё больш малаколькаснымі”. Папа пажадаў, каб Міжземнаморскі рэгіён быў гасцінным і мірным месцам.

Пасля кароткай малітвы з жыхарамі Алесана і ўдзялення ім благаслаўлення Францішак на верталёце накіраваўся ў горад Мальфета, каб узначаліць там св. Імшу з мясцовымі вернікамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.