cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Аўдыенцыі і "Анёл Панскі"

Пантыфік: развіваць адносіны з Уваскрослым Хрыстом

Пантыфік: развіваць адносіны з Уваскрослым Хрыстом - REUTERS

22/04/2018 13:12

“Калі ў нашых супольнасцях астыне жаданне жыць адносінамі з Езусам, слухаць Яго голас і верна ісці за Ім, непазбежна запануюць іншыя спосабы мыслення і жыцця, якія не адпавядаюць Евангеллю”, - падкрэсліў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Regina Coeli”, якая 22 красавіка 2018 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. 

“Літургія гэтай IV Велікоднай Нядзелі надалей прагне дапамагчы нам нанова адкрыць нашу тоеснасць вучняў Уваскрослага Пана, - сказаў Папа. - У Дзеях Апосталаў Пётр адкрыта абвяшчае, што ўчыненае ім аздараўленне кульгавага, аб якім казаў увесь Ерузалем, адбылося ў імя Езуса, таму што “няма ні ў кім іншым збаўлення” (4,12). У гэтым аздароўленым чалавеку ёсць кожны з нас, нашы супольнасці: кожны з нас можа аздаравіцца ад шматлікіх формаў духоўнай хваробы – амбіцыйнасці, ляноты, пыхі, – калі пагодзіцца з даверам пакласці сваё жыццё ў рукі Уваскрослага Пана. “Гэты чалавек - сцвердзіў Пётр, - стаіць перад вамі здаровы дзякуючы імені Езуса Хрыста, Назараніна”. Але кім з’яўляецца Хрыстус, Які аздараўляе? Што значыць быць аздрароўленым Ім? Ад чаго Ён нас лечыць? І з дапамогай якога стаўлення?

Адказ на ўсе гэтыя пытанні мы знаходзім у сённяшнім Евангеллі, дзе Езус кажа: “Я – добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак” (Ян 10,11). Гэта самапрэзентацыя Езуса не можа быць зведзена да пэўнага эмацыйнага ўнушэння, без якога-небудзь канкрэтнага выніку! Езус аздараўляе праз быццё Пастырам, Які аддае жыццё. Аддаючы сваё жыццё за нас, Езус кажа кожнаму з нас: “Тваё жыццё настолькі каштоўнае для мяне, што каб яго збавіць, я аддаю ўсяго сябе”. Менавіта гэта ахвяраванне свайго жыцця робіць Яго Добрым Пастырам у поўным значэнні гэтага слова, тым, Які аздараўляе, Які дазваляе нам весці добрае і плённае жыццё.

Другая частка гэтага евангельскага фрагменту кажа нам аб умовах, пры якіх Езус можа нас аздаравіць і зрабіць наша жыццё радасным і плённым: “Я – добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца” (Ян 10,14-15). Езус не кажа пра інтэлектуальнае пазнанне, але пра асабістыя адносіны, пра асаблівае ўмілаванне, узаемную ласкаваць, якая з’яўляецца адлюстраваннем блізкіх адносін любові паміж Ім і Айцом. Гэта стаўленне праз якое спаўняюцца жывыя адносіны з Езусам: трэба даць Яму пазнаць сябе. Не закрываецца ў сябе, але адкрыцца на Яго, каб Ён пазнаў мяне. Ён ўважлівы да кожнага з нас, глыбока ведае нашы сэрцы: ведае нашы моцныя бакі і нашы недахопы, ведае планы, якія рэалізавалі і няспоўненыя надзеі. Але Ён прымае нас такімі, якімі мы з’яўляемся, нават з нашымі грахамі, каб аздаравіць нас і прабачыць іх. Ён вядзе нас з любоўю, каб маглі пераадолець нават складаныя сцежкі, не губляючы дарогі. Ён суправаджае нас.

Мы, са свайго боку, пакліканы пазнаць Езуса. Гэта азначае сустрэчу з Ім, якая абудзіць прагненне ісці за Ім, адкідаючы закрытасць у сабе, каб выйсці на новыя шляхі, указаныя самім Хрыстом і адкрытыя на шырокія гарызонты. Калі ў нашых супольнасцях астыне жаданне жыць адносінамі з Езусам, слухаць Яго голас і верна ісці за Ім, непазбежна запануюць іншыя спосабы мыслення і жыцця, якія не адпавядаюць Евангеллю. 

Няхай Марыя, наша Маці, дапаможа нам сталець ва ўсё мацнейшай сувязі з Езусам і адкрыцца на Езуса, каб увайшоў унутр нас. Ён – Увасрослы. Такім чынам мы зможам ісці за Ім на працягу ўсяго жыцця. Няхай у гэты Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях Марыя заступаецца, каб шмат людзей з шчодрасцю, велікадушнасцю і вытрываласцю адказвалі Пану, Які кліча пакінуць усё дзеля Яго Валадарства”, - закончыў сваё разважанне Пантыфік.

Пасля марыйнай малітвы Папа заклікаў вернікаў маліцца аб шматлікіх пакліканнях да святарскага, кансэкраванага і сужэнскага жыцця.


22/04/2018 13:12