2018-04-22 11:48:00

Папа да новых святароў: не стамляйцеся быць міласэрнымі


“Не стамляйцеся быць міласэрнымі. Думайце пра вашы грахі, пра вашы слабасці, якія прабачае Езус. Будзьце міласэрнымі”, - заклікаў Францішак шаснаццаць новых святароў, якім 22 красавіка 2018 г. – у IV Велікодную Нядзелю і 55-ы Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях, – удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне, падчас урачыстай літургіі ў базыліцы св. Пятра.

У гаміліі Папа заклікаў неапрэзбітэраў памятаць, што яны былі “з людзей узятыя і для людзей пастаўленыя”, каб дапамагаць ім ісці да Бога. “У радасці і шчырай любові спаўняйце святарскую справу Хрыста, жадаючы толькі падабацца Богу, а не самім сабе або людзям, і не шукаючы ўласнай карысці”, - заахвоціў Пантыфік.

“Майце заўсёды перад вачыма прыклад Добрага Пастыра, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць, каб шукаць і збаўляць тое, што было згублена”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак нагадаў пра святарскі абавязак распаўсюджвання Божага слова. “Чытайце і нястомна разважайце над словам Пана, каб верыць у тое, што прачыталі, вучыць таму, што прынялі з верай, жыць тым, чаму навучаеце”, - заклікаў ён.

Папа пакдрэсліў, што святары пакліканы будаваць Касцёл сваім словам і прыкладам, а таксама працягваць асвячаючую справу Хрыста. “Няхай ваша навучанне будзе пасілкам для Божага народу, няхай святасць вашага жыцця стане крыніцай радасці для вызнаўцаў Хрыста”, - сказаў Пантыфік.

Адзінацаць з шаснаццаці неапрэзбітэраў будуць служыць у Рымскай дыяцэзіі. Шасцёра з гэтай групы паходзяць з розных краін свету і праходзілі фармацыю ў місіянерскай неакатэхуменальнай семінарыі “Redemptoris Mater”. Пяць дыяканаў рыхтаваліся да святарства ў семінарыі Рымскай дыяцэзіі, чатыры – тры з Індыі і адзін з Перу, – у Кангрэгацыі Сям’і Вучняў і адзін – у Кангрэгацыі Айцоў Арыяністаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.