cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Падзеі і дакументы

Упершыню жанчыны сталі дарадчыцамі Кангрэгацыі Веравучэння

Упершыню жанчыны сталі дарадчыцамі Кангрэгацыі Веравучэння - RV

23/04/2018 14:51

Францішак прызначыў 21 красавіка 2018 г. пяць новых кансультантаў Кангрэгацыі Веравучэння. У гэтай групе ўпершыню апынуліся жанчыны. Гэта дзве італьянкі – юрыст Лінда Гізоні, ад 7 лістапада 2017 г. падсакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, і спецыяліст па фундаментальнай тэалогіі Мікеліна Тэначэ з Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта, а таксама бельгійка – Лецісія Кальмэйн, выкладчыца тэалогіі ў францішканскім калегіўме ў Парыжы.

Усе тры жанчыны ўжо даўно ўваходзяць у склад Міжнароднай тэалагічнай камісіі, якая дзейнічае ў рамках Кангрэгацыі Веравучэння.

Два новых дарадцы Кангрэгацыі, гэта італьянскі святар Серджыа Паола Бонані, тэолаг з Грыгарыянскага ўніверсітэта, і іспанец, айцец Мануэль Хесус Ароба Кондэ, спецыяліст па кананічным праве з Латэранскага ўніверсітэта.

Лінда Гізоні нарадзілася ў П’ячэнцы ў 1965 г., замужам, маці дзвюх дачок. Яна вывучала філасофію і тэалогію ва Універсітэце Эберхарда і Карла ў Цюбінгене і атрымала доктарскую ступень у галіне кананічнага права ў Грыгарыянскім універсітэце. Акрамя таго, яна мае дыплом адваката пасля навучання пры Трыбунале Рымскай Роты і падобны дыплом пасля праходжання адміністрацыйнай практыкі ў Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. З’яўляецца суддзёй у судзе першай інстанцыі па разглядзе спраў аб несапраўднасці сужэнства рэгіёну Лацыё. У лістападзе 2017 г. Францішак прызначыў яе падсакратаром Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

Мікеліна Тэначэ, родам з Сан-Марка-ін-Ламіс у італьянскай Апуліі, нарадзілася ў 1954 г. Вывучала філасофію ў Парыжы, атрымала ступень у галіне замежнай літаратуры ў рымскім Універсітэце “La Sapienza” і абараніла доктарскую дысертацыю па тэалогіі ў Грыгарыянскім універсітэце на аснове думкі рускага філосафа Уладзіміра Салаўёва. У цяперашні час з’яўляецца загадчыцай кафедры фундаментальнай тэалогіі ў тым жа ўніверсітэце. Спецыялізуецца на ўсходнім хрысціянстве і выконвае шэраг іншых функцый.

Лецісія Кальмэйн паходзіць з Бруселя, дзе нарадзілася ў 1975 г. Яна – дыпламаваная медсястра са спецыялізацыяй у паліятыўнай дапамозе. Мае за сабой тэалагічную адукацыю ў Брусэлі і доктарскую ступень у тэалогіі, якую атрымала ў Папскім інстытуце імя Яна Паўла II у Рыме пасля абароны працы на аснове думкі бельгійскага філосафа і тэолага, езуіта, кс. Альбера Шапэля. З’яўляецца кансэкраванай дзевай і належыць да Парыжскай архідыяцэзіі, выкладае тэалогію ў францішканскім калегіўме ў сталіцы Францыі.

У цэлым, новы пяцігадовы тэрмін распачало 30 кансультантаў, чыя задача складаецца ў тым, каб падтрымліваць дзейнасць членаў Кангрэгацыі Веравучэння. Яны сустракаюцца раз у тыдзень для абмеркавання пытанняў і правядзення экспертыз. Матэрыялы перадаюцца затым у калегію членаў Кангрэгацыі для прыняцця канкрэтных рашэнняў. Гэта група, у сваю чаргу, збіраецца раз у месяц.


23/04/2018 14:51