2018-04-25 14:55:00

У Ватыкане абмеркавалі тэкст новай Апостальскай канстытуцыі


Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам прысвяціла сваё 24-е пасяджэнне абмеркаванню тэксту новай Апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі. У сходзе не ўдзельнічаў кардынал Джордж Пэл, які зараз знаходзіцца ў Аўстраліі. Таксама толькі ў аўторак да групы далучыўся нямецкі кардынал Рэйнхард Маркс. Святы Айцец прысутнічаў на ўсіх сустрэчах, апрача сённяшняй раніцы, з прычыны ўдзелу у агульнай аўдыенцыі, паведаміў журналістам 25 красавіка 2018 г. кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Грэг Бёрк.

Ён прызнаўся, што папскім кансультантам яшчэ спатрэбіцца некаторы час для працы над дакументам. Затым кардыналы зацвердзяць тэкст, які будзе накіраваны Пантыфіку для далейшых кансультацый і канчатковага зацвярджэння.

Сярод розных аспектаў, якія сфарміруюць новую Канстытуцыю, асаблівае месца зоймуць такія пытанні, як: Рымская курыя на службе Святога Айца і мясцовых Касцёлаў; душпастырскі характар курыяльнай дзейнасці; стварэнне і функцыянаванне Трэцяй секцыі Дзяржаўнага сакратарыята; абвяшчэнне Евангелля і місійны дух, як перспектывы, якія характарызуюць усю дзейнасць Рымскай курыі.

Падчас пасяджэння, кардынал Шон О’Мэйлі паінфармаваў удзельнікаў аб шматлікіх намаганнях па ўсім свеце па абароне дзяцей і дарослых з абмежаванымі магчымасцямі. Апрача таго, кардыналы заслухалі мансеньёра Лусіа Руіса, які паведаміў аб бягучым стане рэфармавання камунікацыйнай сістэмы Святога Пасаду і Ватыкана.

Чарговае пасяджэнне Рады кардыналаў пройдзе 11-13 чэрвеня 2018 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.