2018-04-25 12:42:00

Папа: хрост – не магічная формула, а дар Святога Духа


“Цяжка змагацца са злым, пазбягаць яго падманаў, абнаўляць сілы пасля знясільваючай барацьбы, але мы павінны ведаць, што ўсё хрысціянскае жыццё – гэта змаганне”, - падкрэсліў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 25 красавіка 2018 г. прайшла на ватыканскай плошчы св. Пятра. Працягваючы цыкл катэхез аб сакрамэнце хросту, ён заўважыў, што Касцёл заўсёды падтрымлівае сваіх дзяцей, дапамагаючы ў іх перамозе над спакусамі злога моцай Хрыстовай Пасхі.

Пантыфік заўважыў, што менавіта Евангелле асвячае кантыдатаў да атрымання сакрамэнту і абуджае ў іх прывязанасць да веры. Вера, у сваю чаргу, гэта адданне сябе Езусу, Якога прызнаем “крыніцай вады (...), якая цячэ ў жыццё вечнае” (Ян 4,14), “святлом свету” (Ян 9,5), “уваскрасеннем і жыццём” (Ян 11,25).

“Навучаныя слуханнем Езуса, Яго павучаннем і Яго чынамі, катэхумены перажываюць досвед самарытанскай жанчыны, спрагнёнай жывой вады, досвед народжанага сляпым, які адкрывае вочы на святло, досвед Лазара, які выходзіць з магілы. Евангелле нясе ў сабе сілу перамены для тых, хто прымае яго з верай, вырываючы іх з улады злога, каб навучыліся служыць Пану з радасцю і абноўленым жыццём”, - сцвердзіў Святы Айцец.

 

Францішак заўважыў, што катэхумены набліжаюцца да хрысцільнай крыніцы не ў адзіноце, але ў суправаджэнні малітвы ўсяго Касцёла, аб чым нагадвае літанія да ўсіх святых, што папярэднічае малітве-экзарцызму і намашчэнню алеем катэхуменаў.

Паводле Папы, гэтыя жэсты запэўніваюць асоб, якія рыхтуюцца “нарадзіцца нанова як Божыя дзеці, што малітва Касцёла іх падтрымлівае ў барацьбе са злом, суправаджае на шляху дабра, дапамагае ім вырвацца з моцы граху, каб прайсці ў валадарства Божай ласкі”. 

Пантыфік заўважыў, што хрост – гэта не магічная формула, але дар Святога Духа, Які робіць тых, хто яго прымае, здольнымі “змагацца супраць духа зла”, і рабіць гэта з верай, што “Бог паслаў у свет свайго Сына, каб знішчыць уладу сатаны і перанесці чалавека з цемры ў сваё Валадарства бясконцага святла”. 

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што акрамя малітвы, падчас хросту грудзі катэхуменаў намашчаюцца алеем, на знак атрымання запалу для вырачэння ад д’ябла і граху. 

“Па прычыне таго, што алей здольны пранікаць у тканкі, прыносячы карысць, старажытныя барцы мелі звычай намашчэння цела, каб танізаваць мускулы і з большай лёгкасцю вырывацца з захватаў праціўніка. У кантэксце гэтай сімволікі, хрысціяне першых стагоддзяў прынялі звычай намашчэння цела кандыдытаў да хросту алеем, які быў благаслаўлёны біскупам, каб адзначыць праз гэты “знак збаўлення”, што моц Хрыста Збаўцы ўмацоўвае для барацьбы супраць зла і перамогі над ім”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што змагацца з д’яблам, пазбягаць яго падманаў, аднаўляць сілы пазля знясільваючай барацьбы – цяжка, але трэба ведаць, што ўсё хрысціянскае жыццё – гэта змаганне. 

“Мы павінны таксама ведаць, што не з’яўляемся самотнымі, што Маці Касцёл моліцца, каб яго дзеці, адроджаныя ў хросце, не паддаваліся спакусам злога, але перамагалі іх моцай Хрыстовай Пасхі. Умацаваныя Уваскрослым Панам, Які перамог князя гэтага свету (Ян 12,31), таксама і мы можам паўтараць з верай апостала Паўла: “Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне” (Філ 4,13). Мы ўсе можам перамагчы, перамагчы ўсё, але з сілай, якая паходзіць ад Езуса”, - запэўніў Пантыфік.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Францішак нагадаў, што 25 красавіка ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін св. Марка, евангеліста. Па традыцыі, вітаючы моладзь, хворых і маладых сужонкаў ён пажадаў, каб заступніцтва гэтага святога падтрымлівала іх на шляху веры і дазволіла стаць уважлівымі слухачамі і прапаведнікамі Евангелля Хрыста, даючы сведчанне аб ім уласным жыццём.








All the contents on this site are copyrighted ©.