cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Гаміліі

Пантыфік: без любові і служэння Касцёл не ідзе наперад

Пантыфік: без любові і служэння Касцёл не ідзе наперад - REUTERS

26/04/2018 12:19

Праз Эўхарыстыю Езус вучыць нас любові, а праз абмыццё ног сваім вучням – служэнню, падкрэсліў Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 26 красавіка 2018 г. цэлебраваў у капліцы ватыканскага Дома св. Марты. У гаміліі ён спаслаўся на евангельскія словы, якія Хрыстус прамовіў падчас Апошняй вячэры, заклікаючы вучняў заставацца ў Яго любові (Ян 15, 9-11).

Папа заўважыў, што на развітанне з апосталамі Хрыстус учыніў два жэсты, якія сталі сапраўдным “фундаментам” і “навучаннем Касцёла”. Гаворка ідзе пра ўстанаўленне Эўхарыстыі, а таксама пра абмыццё ног вучням. “З гэтых двух жэстаў нарадзіліся дзве запаведзі, якія садзейнічаюць росту Касцёла, калі мы верныя ім”, - заўважыў Францішак.

Першая – гэта запаведзь любові. Езус заклікаў не толькі “любіць бліжняга як самога сябе”, але зрабіць яшчэ адзін крок наперад, кажучы: “любіце бліжняга, як Я палюбіў вас”. “Любоў без межаў. Без гэтага Касцёл не развіваецца, не дыхае”. Без любові Касцёле не расце, а ператвараецца ў пустую структуру, робіць жэсты, якія не прыносяць плёнаў, лічыць Пантыфік.

Другая запаведзь, паводле Папы, нараджаецца з жэсту абмыцця ног. Гаворка ідзе пра служэнне адно аднаму. У той жа час Езус папярэджвае вернікаў: “слуга не большы за свайго гаспадара, і пасланец не большы за таго, хто паслаў яго”. Гэтым словамі Ён нібыта кажа: служыце, але не забывайцеся, што былі пасланы менавіта Мною і не з’яўляецеся большымі за Мяне, заўважыў Францішак.

Святы Айцец перакананы, што ў любові, служэнні і пакорным прызнанні першаснасці Хрыста заключаны фундамент Касцёла. “Калі будзем крочыць наперад з гэтымі трыма прынцыпамі, не памылімся ніколі”, - сцвердзіў ён і дадаў, што шматлікія хрысціянскія мучанікі і святыя жылі менавіта так.


26/04/2018 12:19