2018-04-26 13:44:00

Ватыкан: споведзь, моладзь, вера і распазнанне паклікання


“Калі гаворка ідзе пра моладзь, вельмі часта ўвага канцэнтруецца на некаторых аспектах, якія тычацца яе жыцця ў Касцёле і сучасным грамадстве. Трэба, аднак, зразумець, што адбываецца ва ўнутраным свеце маладых людзей, які непасрэдна тычыцца адносін з Богам”, - заўважыў мансеньёр Кшыштаф Ныкель, рэгент Апостальскай Пэнітэнцыярыі. 26-27 красавіка 2018 г. гэта дыкастэрыя праводзіць ў Рыме канферэнцыю на тэму: “Споведзь, моладзь, вера і распазнанне паклікання”.

У інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” святар заўважыў, што форум быў арганізаваны ў рамках падрыхтоўкі да кастрычнікага Сінода Біскупаў. Канферэнцыя паклікана падкрэсліць цэнтральнае значэнне споведзі для развіцця веры і духоўнай праніклівасці ў моладзі. 

“Спаведнікі, якія з’яўляюцца таксама выхавальнікамі сумленняў, маюць неверагодную магчымасць сустрэцца з іх светам, у якім шмат цудоўнага, але таксама шмат кепскіх, сумных сітуацый, якія турбуюць людзей маладога ўзросту і прымушаюць іх пакутаваць. Нярэдка яны адчуваюць сябе расчараванымі або няздольнымі пазітыўна глядзець на будучыню. Атрымліваючы сакрамэнтальнае прабачэнне грахоў, яны сустракаюцца з пяшчотай міласэрнай любові Бога і адчуваюць сябе падбадзёранымі, каб ісці за Ім ў штодзённасці жыцця”, - заўважыў святар.

Рэгент Апостальскай Пэнітэнцыярыі падкрэсліў, што сакрамэнт споведзі і рахунак сумлення мае неад’емнае значэнне для духоўнага жыцця маладых людзей і распазнання імі Божай волі адносна ўласнага жыцця.

“Пакорная, шчырая і рэгулярная споведзь дапамагае зразумець саміх сябе, пазнаць, кім мы з’яўляемся на самой справе, наколькі Бог нас любіць і шчыра жадае нашага шчасця, паважаючы нашу свабоду і чакаючы нашага “так” у адказ на Яго волю. Добрая споведзь дапамагае нам узрастаць у цнотах, умацоўвацца ў духоўнай барацьбе, з кожным днём усё больш давяраць Богу і ісці наперад па шляху да святасці”, - сказаў ён.

У ходзе рымскага пасяджэння гаворка ідзе пра спакусы, з якімі сустракаюцца юнакі і дзяўчаты, пра іх духоўныя і матэрыяльныя праблемы. Даклады будуць таксама тычыцца душпастырскіх выклікаў, у прыватнасці, пошуку пераканаўчых спосабаў камунікацыі, каб апавядаць пра Хрыста ў сучасным свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.