cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Папа прыняў манахаў Кангрэгацыі Братоў св. Габрыэля

Папа прыняў манахаў Кангрэгацыі Братоў св. Габрыэля

27/04/2018 13:55

27 красавіка 2018 г., напярэдадні ўспаміну св. Людвіка Марыі Грыньёна дэ Манфор, папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў XXXII Генеральнага капітула манаскай Кангрэгацыі Братоў св. Габрыэля, натхнёнай прыкладам французскага святара. Сярод прысутных на сустрэчы былі таксама прадстаўніцы заснавай св. Людвікам Супольнасці Дачок Божай Мудрасці і паслядоўнікі Манфорцкага таварыства Марыі.

Гадавіна смерці св. Людвіка павінна стаць нагодай для вяртання да асноў, на якіх будавалася яго місійная дзейнасць, – да Божага Слова і Мудрасці, сказаў Папа, звяртаючыся да прысутных. У сучасным свеце, пазначаным індывідуалізмам, глабалізацыяй, спажывальніцтвам і ілюзорнасцю, вы пакліканы быць “палаючымі душамі, ажыўленымі Духам Святым і кіраванымі Мудрасцю”, сказаў ён.

Францішак заклікаў членаў Кангрэгацыі Братоў св. Габрыэля і іншых рухаў, натхнёных прыкладам французскага святога, да жыцця ў духу братэрства, што само па сабе з’яўляецца сведчаннем. “Ва ўмовах сучаснага духоўнага крызісу, які спараджае трывогу і смутак з-за страты сэнсу жыцця, я запрашаю вас да будавання гасцінных супольнасцей, у якіх прыемна жыць, дэманструючы тым самым, асабліва маладым людзям, радасць наследавання Хрыста і адказу на Яго пакліканне. Няхай адчуваюць сябе пачутымі без прадузятасці, прызнанымі і годнымі, каб маглі з уласцівым ім энтузіязмам ахвяраваць дары, якімі іх шчодра надзяліў Бог”, - заклікаў Францішак.

Пантыфік пажадаў прысутным законнікам і надалей выяўляць евангельскі характар працэсу адукацыі, а праяўляючы клопат пра хворых і адкінутых, дазваляць ім станавіцца актыўнымі ўдзельнікамі ўласнай будучыні, у якой ім знойдзецца годнае месца.

Святы Людвік Марыя Грыньён дэ Манфор жыў на мяжы XVII і XVIII стст. Заснаваў у Францыі Супольнасць Дачок Божай Мудрасці, галоўнай місіяй якіх з’яўляецца клопат пра хворых і навучанне бедных. Прыклад адданага служэння святара паспрыяў заснаванню пасля яго смерці ў 1716 г. Манфорцкага таварыства Марыі, члены якога сёння працуюць у розных кутках свету.


27/04/2018 13:55