2018-04-28 14:45:00

Пантыфік узначаліць працэсію Божага Цела ў Осціі


З нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста Францішак здзейсніць візіт у Осцію, дзе ўзначаліць урачыстую літургію ў мясцовай парафіі св. Монікі і эўхарыстычную працэсію вуліцамі горада. Пілігрымка адбудзецца ў нядзелю 3 чэрвеня 2018 г., паведаміла Прэфектура Папскага Дома. 

Літургія на плошчы перад парафіяльным касцёлам распачнецца ў 18.00 па сярэднееўрапейскім часе. Затым вуліцамі горада пройдзе працэсія Божага Цела, якая завершыцца ля парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Банарскай, дзе Папа ўдзеліць вернікам благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Францішак будзе не першым Пантыфікам, які ўзначаліць святкаванне урачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста ў Осціі. Дакладна 40 гадоў таму – 13 чэрвеня 1968 г. – літургію і эўхарыстычную працэсію ў гэтым прыморскім горадзе праводзіў Павел VI.

Звычайна ўрачыстасць Божага Цела з удзелам Папы адзначаецца ў Рыме. Пасля літургіі ля базылікі св. Яна на Латэране эўхарыстычная працэсія праходзіць да базылікі Санта-Марыя-Маджорэ, дзе Пантыфік удзяляе благаслаўленне.

Осція знаходзіцца на перыферыі Рымскай дыяцэзіі, за 30 км ад Вечнага горада. Гэта месца часта з’яўляецца ў хроніцы крымінальных падзеі. Запланаваны візіт сюды стане для Францішка ўжо трэцім з пачатку пантыфікату. Дагэтуль ён наведваў Осцію ў 2015 і 2017 гг.








All the contents on this site are copyrighted ©.