cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Гаміліі

Пантыфік: дапамагчы моладзі не стаць нявольнікамі цікаўнасці

Пантыфік: дапамагчы моладзі не стаць нявольнікамі цікаўнасці - EPA

30/04/2018 13:12

Дапамагчы людзям маладога ўзросту не стаць нявольнікамі цікаўнасці, якая прыводзіць да сустрэчы з бруднымі рэчамі ў віртуальным свеце, заклікаў Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 30 красавіка 2018 г. цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

У гаміліі Папа патлумачыў розніцу паміж добрай і кепскай цікаўнасцю. У якасці першага прыкладу ён указаў на паставу дзяцей, што прагнуць знайсці тлумачэнне рэчам, якіх не разумеюць. Гэта добрая цікаўнасць, бо служыць развіццю асобы і яе “большай аўтаноміі”. Акрамя таго, яна з’яўляецца “сузіральнай цікаўнасцю”, таму што “дзеці бачаць, сузіраюць, не разумеюць і пытаюцца”, лічыць ён.

У якасці адмоўнага прыкладу цікаўнасці Францішак назваў пляткарства, суванне носу у жыццё іншых людзей, жаданне даведацца пра тое, пра што не маем права ведаць. На думку Святога Айца, такая цікаўнасць уласціва як жанчынам, так і мужчынам. З ёй чалавек сустракаецца на працягу ўсяго жыцця, але яе не трэба баяцца.

Важна быць пільнымі, пастанавіўшы для сябе: “аб гэтым не пытаюся, на гэта не гляджу, гэтага не прагну”. Папа падкрэсліў, што шмат кепскага існуе ў віртуальным свеце, куды маюць доступ многія дзеці, таму трэба дапамагчы ім захаваць прагу ведаў, але пры гэтым абараніць ад цікаўнасці, якая робіць нявольнікамі.

У развіцці здаровай цікаўнасці, паводле Пантыфіка, дапамагае духоўнае жыццё, адкрыццё сэрца на ласку Святога Духа, Які заўсёды дае ўпэўненасць і слушны адказ у той ці іншай сітуацыі. “Святы Дух – гэта спадарожнік, спадарожнік на шляху хрысціяніна”, - дадаў ён.

На заканчэнне гаміліі Францішак заклікаў вернікаў прасіць у Бога аб ласцы адрознення добрай цікаўнасці ад кепскай, а таксама аб адкрытасці сэрца на Святога Духа, Які суправаджае і дае ўпэўненасць у тым, чаму навучаў Езус Хрыстус.


30/04/2018 13:12