cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Францішак падтрымаў журналіста ў барацьбе з мафіяй

Папа падтрымаў журналіста ў барацьбе з мафіяй - ANSA

01/05/2018 10:30

Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі ў ватыканскім Доме св. Марты італьянскага журналіста Паола Барамэці, вядомага актыўнай дзейнасцю супраць мафіі. З 2014 г. журналіст жыве пад аховай паліцыі, пасля таго як пачаў атрымліваць пагрозы і стаў ахвярай нападу злачынцаў. Некалькі тыдняў таму быў прадухілены чарговы замах на яго жыццё. 

Аўдыенцыя адбылася 30 красавіка 2018 г. і працягвалася каля паўгадзіны. Журналіст выказаў вялікую радасць ад сустрэчы з Папам. “Ён сказаў, каб я не адчуваў сябе самотным, каб працягваў маю працу. Ён запэўніў мяне таксама ў сваіх малітвах”, - падзяліўся Барамэці.

Паводле яго слоў, сустрэча праходзіла ў нефармальнай абстаноўцы. Папа быў добра паінфармаваны аб дзейнасці журналіста і аб тым, што быў раскрыты план яго забойства, распрацаваны сіцылійскім мафіёзным кланам. Святы Айцец заўважыў, што асобы, якія звязаны з мафіяй і называюць сябе хрысціянамі, не маюць з хрысціянствам нічога супольнага.

У аўдыенцыі прыняў удзел таксама італьянскі святар, кс. Марка Поца, турэмны капелан з Падуі, з якім Францішак ужо быў добра знаёмы па тэлевізійнай праграме “Padre nostro”, якая напрыканцы 2017 г. выходзіла на тэлеканале італьянскага епіскапату “TV2000”. У ёй Папа тлумачыў галоўную хрысціянскую малітву, размаўляючы з гэтым душпастырам вязняў.

Сустрэча з Паола Барамэці адбылася падчас Тыдня салідарнасці з журналістамі, якія спецыялізуюцца на барацьбе з мафіяй і карупцыяй, у сувязі з чым вымушаны жыць у пастаянным страхе за ўласнае жыццё. Ініцыятыва праходзіла у Італіі 25 красавіка-1 мая па ініцыятыве каталіцкага святара, кс. Луіджы Чоці. 


01/05/2018 10:30