cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Падзеі і дакументы

Ватыкан: епіскапат Германіі размаўляў на тэму інтэркамуніі

Ватыкан: епіскапат Германіі размаўляў на тэму інтэркамуніі - REUTERS

04/05/2018 13:21

Магчымасць некаталіцкіх сужонкаў са змешаных шлюбаў прымаць святую Камунію ў Каталіцкім Касцёле стала цэнтральнай тэмай кансультатыўнай сустрэчы групы кардыналаў і біскупаў Германіі з кіраўнікамі дыкастэрый Рымскай курыі, якая адбылася 3 мая 2018 г. у Ватыкане.

Патрэба ў пасрэдніцтве Апостальскай Сталіцы для прыняцця канчатковага рашэння па акрэсленым пытанні ўзнікла пасля таго, як на Пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Біскупаў Германіі напрыканцы лютага 2018 г. большасцю галасоў быў прыняты праект інструкцыі для святароў адносна допуску да святой Камуніі асоб, якія знаходзяцца ў сужэнскіх саюзах з католікамі, з’яўляючыся пры гэтым вызнаўцамі іншых канфесій.

Сямёра членаў епіскапату Германіі не падтрымалі такога рашэння і 22 сакавіка 2018 г. скіравалі ліст на імя кардынала Курта Коха, старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, і арцыбіскупа Луіса Ладарыі Фэрэра, прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, з просьбай патлумачыць, ці валодае нацыянальная Канферэнцыя Біскупаў адпаведнай кампетэнцыяй для вынясення рашэнняў па пытанні ўдзелу ў святой Камуніі сужонкаў-некатолікаў.

Як паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы, сустрэча прадстаўнікоў духавенства Германіі з кіраўнікамі і супрацоўнікамі адпаведных ватыканскіх структур “прайшла ў сардэчнай і братэрскай атмасферы”. У ходзе дыскусіі акрэсленае пытанне было разгледжана ў розных перспектывах: яго адносін да веры ў цэлым і да душпастырскага служэння; яго важнасці для паўсюднага Каталіцкага Касцёла; яго юрыдычнай прыроды.

Падчас размовы арцыбіскуп Луіс Ладарыя Фэрэр пераказаў прадстаўнікам нямецкага епіскапату пазіцыю Святога Айца, які “ўхваліў экуменічныя намаганні нямецкіх біскупаў і заклікаў іх, па магчымасці, знайсці аднадушнае рашэнне ў духу касцёльнага адзінства”. Паведамляецца таксама, што арцыбіскуп Фэрэр перакажа Пантыфіку змест і вынікі праведзенай сустрэчы.

Дэлегацыю нямецкага епіскапату складалі кардынал Рэйнхард Маркс, арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Германіі; кардынал Райнэр Марыя Вёльке, арцыбіскуп Кёльнскі; біскуп Фелікс Ген, пастыр Мюнстэрскай дыяцэзіі; біскуп Карл-Хайнц Вайсман, пастыр Шпаерскай дыяцэзіі і старшыня Камісіі па пытаннях веравучэння Канферэнцыі Біскупаў Германіі; біскуп Рудольф Вадэрхольцэр, пастыр Рэгенсбургскай дыяцэзіі і віцэ-старшыня Камісіі па пытаннях веравучэння Канферэнцыі Біскупаў Германіі; біскуп Герхард Файге, пастыр Магдэбургскай дыяцэзіі і старшыня Камісіі па пытаннях экуменізму Канферэнцыі Біскупаў Германіі; кс. Ханс Лангендорфер, сакратар Канферэнцыі Біскупаў Германіі.

Апостальскую Сталіцу на сустрэчы прадстаўлялі арцыбіскуп Луіс Франсіска Ладарыя Фэрэр, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння; кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству; кс. Маркус Граўліх, падсакратар Папскай рады па інтэрпрытарыцыі заканадаўчых тэкстаў; айцец Герман Гайслер, кіраўнік дакрынальнай секцыі Кангрэгацыі Веравучэння.


04/05/2018 13:21