2018-05-04 14:59:00

Новыя рэкруты Швейцарскай гвардыі ў Францішка


Папская гвардыя паклікана праяўляць адвагу і вытрымку, шчодрасць і салідарнасць з усімі, нагадаў Святы Айцец афіцэрам і салдатам Швейцарскай гвардыі, у тым ліку 33 новым рэкрутам, якіх прыняў напярэдадні ўрачыстай прысягі на вернасць Пантыфіку. Сустрэча адбылася 4 мая 2018 г. у Клеменційскай зале ватыканскага Апостальскага палаца.

“Цудоўна бачыць маладых людзей, як вы, якія дэманструюць увагу да іншых”, гатовых дапамагчы патрабуючым, звярнуўся да іх Францішак, пасля чаго выказаў камандуючаму корпусам Папскай швейцарскай гвардыі Крыстафу Графу і яе афіцэрам сваё захапленне “дысцыплінай, каталіцкім духам, стрыманасцю, строгім і адначасова спакойным прафесіяналізмам”, з якімі яны штодня выконваюць сваю службу.

24 навабранцы паходзяць з нямецкамоўнай і яшчэ 9 – з французскамоўнай частак Швейцарыі. Прысяга пройдзе 6 мая 2018 г. На працягу як мінімум двух бліжэйшых гадоў яны будуць несці вайсковую службу ў Ватыкане і за яго межамі, гарантуючы бяспеку Святому Айцу і яго супрацоўнікам. Францішак пажадаў, каб гэты час і гэты надзвычайны досвед паспрыялі ўмацаванню іх веры і ўзрастанню пачуцця прыналежнасці да каталіцкай супольнасці.

У сваёй прамове Пантыфік узгадаў славутую бітву швейцарскіх гвардзейцаў з шматтысячнай арміяй імператара Карла V падчас аблогі Рыма 6 мая 1527 г. – падзеі, якая і дала пачатак традыцыі прымаць прысягу новых рэкрутаў Швейцарскай гвардыі штогод менавіта 6 мая. Па яго словах, памяць пра той гераічны ўчынак павінен служыць запрашэннем да таго, каб паслядоўна жыць у веры, захоўваць сяброўства з Езусам і любоў да Касцёла, з радасцю і руплівасцю выконваць як адмысловыя, так і звычайныя штодзённыя абавязкі.

Францішак заклікаў салдат Швейцарскай гвардыі “нястомна сустракацца з Езусам падчас супольнай і прыватнай малітвы, праз слуханне Божага Слова і палкі ўдзел у Эўхарыстыі”. “Сакрэт эфектыўнасці вашай службы ў Ватыкане, як і любой вашай задумы, заключаецца ў пастаянным звароце да Хрыста”, – запэўніў навабранцаў Святы Айцец, перш чым удзяліць ім сваё апостальскае благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.