cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Гаміліі

Пантыфік: біскупы – сапраўдныя пастыры, блізкія да людзей

Пантыфік: біскупы – сапраўдныя пастыры, блізкія да людзей - AFP

04/05/2018 13:21

Быць блізкімі да аўчарні, уключанымі ў яе жыццё і бараніць ад “ваўкоў” – гэта заданне біскупаў, падкрэсліў Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 4 мая 2018 г. цэлебраваў у ватыканскім Доме св. Марты. У гаміліі ён спаслаўся на першае літургічнае чытанне (Дз 15,22-31), у якім гаворка ідзе пра складанасці, што ўзніклі ў супольнасці хрысціян Антыёхіі.

“Мы пачулі, што некаторыя з нас адправіліся без нашага даручэння і ўстрывожылі вас словамі, пахіснуўшы вашыя душы”, - напісалі ім у лісце св. Пётр і апосталы. Каб вярнуць мір у гэту супольнасць, яны пастанавілі адправіць у Антыёхію Барнабу, Паўла і іншых давераных мужоў.

Пантыфік заўважыў, што прычынай для замяшання сярод антыяхіскіх вернікаў сталі людзі, якія лічылі сябе “абаронцамі сапраўднага веравучэння”, якія думалі, што з’яўляюцца “сапраўднымі тэолагамі хрысціянства”. У той жа час заданне апосталаў, якімі сёння з’яўляюцца біскупы, – умацаванне народу ў веры.

Святы Айцец падкрэсліў, што біскуп – гэта той, хто чувае, каб “абараніць аўчарню ад ваўкоў”. Ён павінен быць моцна ўключаны ў жыццё свайго народу. Папа нагадаў, што Хрыстус выразна адрозніваў пастыра ад найміта. Сапраўдны пастыр, паводле Яго, бароніць не толькі ўвець статак, але і кожную авечку асобна: ўмацоўвае яе, а калі яна згубіцца – ідзе шукаць яе.

Францішак заўважыў, што існуюць біскупы, якія празмерна заклапочаны сваімі справамі, шмат падарожнічаюць па свеце. У той жа час яны павінны быць сапраўднымі пастырамі, быць блізкімі да людзей, ведаць сваіх авечак па імені. Святы Дух дае людзям своеасаблівы “нюх”, дзякуючы якому яны могуць распазнаць сапраўднага біскупа, які чувае над статкам і блізкі да свайго люду, перакананы Папа.

У якасці прыкладу адданага і блізкага да людзей пастыра, Пантыфік прывёў іспанскага місіянера і трэцяга арцыбіскупа Лімы, св. Тарыбія дэ Магравэха, які памёр у маленькай індзейскай вёсцы ў акружэнні сваёй паствы. 

“Памолімся да Пана, каб заўсёды даваў нам добрых пастыраў, каб у Касцёле не было недахопу ў пастырскім клопаце, без якога мы не можам ісці наперад. Каб мы былі менавіта такімі людзьмі, працаўнікамі, людзьмі малітвы, блізкімі да Божага народу... адным словам, асобамі, здольнымі чуваць”, - сказаў Францішак на заканчэнне сваёй гаміліі.


04/05/2018 13:21