cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Папа нагадаў аб стаўпах кансэкраванага жыцця

Папа нагадаў аб стаўпах кансэкраванага жыцця - REUTERS

04/05/2018 15:02

Малітва, беднасць і цярплівасць – тры стаўпы кансэкраванага жыцця, падкрэсліў Францішак падчас сустрэчы з законнікамі і законніцамі з розных частак свету, удзельнікамі міжнароднай канферэнцыі, арганізаванай Кангрэгацыяй па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця. Аўдыенцыя прайшла 4 мая 2018 г. у ватыканскай Зале Паўла VI. 

Папа заўважыў, што малітва з’яўляецца “вяртаннем да першага паклікання”. “Гэта паветра, якое дазваляе нам дыхаць пакліканнем, абнаўляць яго. Без гэтага паветра мы не зможам быць добрымі кансэкраванымі асобамі: мы будзем проста добрымі людзьмі, хрысціянамі, католікамі, якія працуюць у розных касцёльных ініцыятывах, але кансэкрацыю трэба заўсёды абнаўляць у малітве, у сустрэчы з Панам”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Паводле Францішка, кансэкраваныя асобы павінны знаходзіць час на працягу дня на адарацыю, як гэта рабіла св. Тэрэза з Калькуты, якая, нягледзячы на шматлікія абавязкі, заўсёды праводзіла некалькі гадзін у дзень перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. “Нельга жыць кансэкраваным жыццём, немагчыма распазнаваць тое, што адбываецца, не размаўляючы з Панам”, - сказаў ён і дадаў, што Касцёл мае патрэбу ў людзях, якія моляцца.

Другая заўвага Францішка тычылася важнасці беднасці для кансэкраванага жыцця. Паводле яго, без гэтай цноты жыццё манахаў будзе бясплённым. “Беднасць – гэта мур, які цябе бароніць, бароніць ад духа марнасці”, - сцвердзіў ён і падкрэсліў, што менавіта дух беднасці дапамагае абараніцца ад шматлікіх праблем і марнасці, якія пагражаюць кансэкраванаму жыццю знішчэннем.

Трэцім стаўпом кансэкраванага жыцця, паводле Францішка, з’яўляецца цярплівасць. Гаворка ідзе пра тое, каб цярпліва адносіцца адзін аднаго ў супольнасці, але і з цярплівасцю ставіцца да пакут гэтага свету. Пантыфік перакананы, што цярплівасць неабходна таксама перад абліччам крызісу пакліканняў. Ён заўважыў, што, не маючы гэтай цноты, некаторыя манаскія супольнасці пачынаюць закрываць кляштары і прывязваюцца да грошай у надзеі “на спакойную смерць”. У гэтым кантэксце Папа нагадаў гісторыю Абрагама і Сары, якія атрымалі нашчадка, нягледзячы на стары ўзрост. 

На заканчэнне аўдыенцыі Святы Айцец пажадаў сваім гасцям плённасці. “Ніколі невядома, якімі шляхамі прыйдзе плённасць, але, калі молішся, калі ты бедны, калі ты цярплівы, будзь упэўнены, што будзеш плённым”, - адзначыў Францішак, сустракаючыся з законнікамі і законніцамі, якія прыбылі ў Ватыкан з розных частак свету. 


04/05/2018 15:02