cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Падарожжы і візіты

Святы Айцец: ватыканскі дыпламат – канструктыўны і духоўны

Святы Айцец: ватыканскі дыпламат – канструктыўны і духоўны

05/05/2018 11:44

Папская дыпламатыя павінна быць канструктыўнай, духоўнай і святарскай, паколькі дыпламатычныя прадстаўнікі Святога Айца з’яўляюцца і павінны быць, у першую чаргу, святарамі, - сказаў Францішак 4 мая 2018 г. падчас візіту ў Папскую касцёльную акадэмію, якая выпускае ватыканскіх дыпламатаў. Цяпер тут навучаюцца 35 святароў з 19 краін. Як і ў выпадку многіх іншых публічных мерапрыемстваў Францішка, гэты візіт не быў фармальным і афіцыйным.

Пантыфіка прывітаў старшыня навучальнай установы, арцыбіскуп Джамп’ера Глодэр. Затым у капліцы Папа ўзначаліў малітву Нешпараў, пасля чаго паразмаўляў з кожным студэнтам. Быў таксама час для свабоднага дыялогу на розныя тэмы, звязаныя з дыпламатычнай службай Святога Пасаду. Святы Айцец вырашыў не агучваць афіцыйнай прамовы – ён аддаў перавагу фармату пытанне-адказ.

Францішак вылучыў тры асноўныя аспекты папскай дыпламатыі. Яна павінна, перш за ўсё, быць канструктыўнай: прадстаўнікі Святога Пасаду закліканы дзейнічаць у духу дыялогу, пасярэдніцтва, адкрытасці для прапаноў з розных бакоў, умець выходзіць насустрач іншым. 

Другі аспект – гэта духоўнасць: патрэбна “дыпламатыя на каленях”, якая чэрпае сілу з малітвы, каб быць у стане ўзнімацца на больш высокі ўзровень. 

І, нарэшце, гаворка павінна ісці пра “святарскую дыпламатыю”, паколькі папскія прадстаўнікі, у першую чаргу, святары, якія, хоць і атрымліваюць спецыяльную дыпламатычную адукацыю, служаць Касцёлу праз душпастырства і спрыянне станоўчаму развіццю чалавечай супольнасці, лічыць Святы Айцец.

У гэтым кантэксце ён адзначыў, што паступленне ў Акадэмію з’яўляецца не вынікам уласных жаданняў, але адказам на заклік Касцёла, падрыхтавацца да выканання гэтага адмысловага служэння.

Францішак заўважыў, што дыпламатычная служба Святога Пасаду адраджае дух мясцовых Касцёлаў, з пакорай і адданасцю дапамагаючы ім расці, змагацца з цяжкасцямі, развівацца і весці дыялог, ідучы побач на іх крыжовым шляху. Гэтая складаная задача патрабуе моцнай фармацыі і, як і ў выпадку кожнага святара, павінна засноўвацца на чатырох стаўпах, якія ўзаемна дапаўняюцца: духоўным, інтэлектуальным, душпастырскім і супольнасным, падкрэсліў Пантыфік.

У канцы знаходжання ў Акадэміі Святы Айцец спажыў разам з выкладчыкамі і студэнтамі вячэру, затым зноў асабіста прывітаў кожнага з іх, пасля чаго вярнуўся ў Ватыкан.

Папская касцёльная акадэмія была заснавана ў Рыме ў 1701 г. па ініцыятыве абата Пьетра Гарані з дазволу Клімента XI, як Акадэмія касцёльнага магнацтва. Праз 5 гадоў, яна знайшла пастаянную сядзібу на рымскай Пьяцца-дэла-Мінэрва. Цяперашнюю назву носіць з 1945 г. Сярод мясцовых выпускнікоў: папы Клімент XIII, Леў XII, Леў XIII, Бэнэдыкт XV і Павел VI.


05/05/2018 11:44