2018-05-06 11:52:00

Пантыфік хацеў бы паехаць у Сірыю і Ірак


Калі б умовы дазвалялі, Францішак адразу паехаў бы ў Сірыю і Ірак. Ён не баіцца за сваё жыццё, думае пра іншых. Візіт без сустрэчы з мясцовымі жыхарамі будзе выключна тэатральным жэстам. Пра гэта сказаў кардынал Леанарда Сандры, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, які па просьбе Святога Айца арганізуе ў Бары экуменічную малітву за мір на Блізкім Усходзе.

Папа сапраўды глыбока ўспрымае пакуты жыхароў гэтага рэгіёну. Яму важна, каб свет не забыўся пра іх становішча і быў з імі салідарны. Менавіта з гэтага клопату нарадзілася ідэя малітоўнай ініцыятывы, якая пройдзе 7 ліпеня 2018 г. на поўдні Італіі. “Важна, што сустрэча будзе экуменічнай і што Францішак запрасіў на яе прадстаўнікоў усіх Цэркваў гарачага рэгіёну”, - заўважыў кардынал Сандры.

“Я бачу, як Папа жыве пакутамі свету з самага пачатку свайго пантыфікату. Запрашэнне да Бары Патрыярхаў Каталіцкага Касцёла і Праваслаўных Цэркваў Блізкага Усходу з’яўляецца жэстам вялікай адчувальнасці, прыкметай нясення пакут свету на сваіх плячах”, - сказаў ватыканскі іерарх. 

Францішак хоча, каб у гэтым яго суправаджалі прадстаўнікі Касцёла, каб разам маліцца да Пана і паказаць свету пакуты людзей. Ён жадае заклікаць усіх да будавання справядлівасці, міру, павагі да чалавечай годнасці, а таксама да абароны хрысціян, якіх пераследуюць, і ўсіх тых, хто жыве ў жудасных умовах штодзённых выбухаў, забойстваў, тэрору, помсты і падзелаў, звярнуў увагу прэфект ватыканскай дыкастэрыі.

Кардынал Сандры падкрэсліў, што на жаданне Пантыфіка паехаць у Сірыю і Ірак уплываюць умовы, якія тут склаліся. “Арганізацыя папскіх цырымоній без людзей стала б толькі тэатральным жэстам, які не прынясе жаданых пладоў для гэтых народаў”, - патлумачыў іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.