2018-05-06 13:25:00

Францішак заклікаў да малітвы пасля нападу на храм у ЦАР


Папа заклікаў да малітвы ў сувязі з сітуацыяй у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы. У апошні час там усё часцей адбываюцца акты насілля, якія з’яўляюцца вынікам супрацьстаяння ўрадавых войск з апазіцыйнымі групоўкамі. Ахвярамі такога роду інцыдэнтаў у большасці становяцца цывільныя асобы.

“Запрашаю да малітвы за народ Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, за краіну, якую я меў задавальненне наведаць, блізкую майму сэрцу, і ў якой у апошнія дні адбыліся сур’ёзныя злачынствы, з шматлікімі забітымі і параненымі, сярод якіх ёсць святар. Няхай Пан, праз заступніцтва Панны Марыі, дапаможа ўсім сказаць “не” насіллю і помсце, каб пабудаваць мір разам”, - сказаў Францішак 6 мая 2018 г. у Ватыкане, падчас сустрэчы з вернікамі на марыйнай малітве. 

Па меншай меры дзевяць чалавек загінулі падчас узброенага нападу на касцёл Маці Божай Фацімскай у сталіцы Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі Бангі. Крывавы інцыдэнт адбыўся падчас ранішняй св. Імшы. Група невядомых з агнястрэльнай зброяй і гранатамі напала на людзей у храме. Дзясяткі чалавек пацярпелі.








All the contents on this site are copyrighted ©.