2018-05-07 13:52:00

Візіт Пантыфіка ў рымскую парафію Найсвяцейшага Сакрамэнту


Пра тое, як выказваць сваю любоў у паўсядзённым жыцці не словамі, а канкрэтнымі справамі, казаў Францішак 6 мая 2018 г., падчас візіту ў чарговую рымскую парафію. Ён удзяліў сакрамэнт канфірмацыі жанчыне з мітахандрыяльным захворваннем і яе маці.

Пантыфіка прывіталі пробашч парафіі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў раёне Тор-дэ-Ск’яві, ва ўсходняй частцы Вечнага горада, і натоўп вернікаў: сем’і, дзеці і моладзь. Святы Айцец адказаў на чатыры пытанні: бацька, які знаходзіцца ў так званай “нерэгулярнай” сітуацыі, распавёў пра цяжкасці, звязаныя з выхаваннем дзяцей; прадстаўнік моладзі падзяліўся праблемамі з інтэграцыяй у супольнасці Касцёла, гаворачы пра няўдалы досвед, непаслядоўнасць у жыцці духавенства і адсутнасць сведчання; 15-гадовая дзяўчынка, чый бацька памёр два гады таму, казала пра добры вопыт уключэння ў групу моладзі; 10-гадовы хлопчык папрасіў аб малітве за сваю маці, якая павінна прайсці аперацыю.

У гаміліі, падчас св. Імшы, Папа падкрэсліў, што Езус перад сваёй смерцю заклікаў вучняў: “Заставайцеся ў Маёй любові”. Ён адзначыў, што трываць у любові, азначае служэнне іншым і клопат пра бліжніх. Гэта праца, такая ж, як клопат маці пра сваіх дзяцей. Пантыфік падкрэсліў, што любоў – гэта не словы, а канкрэтныя дзеянні. “Падумаем аб тым, як мы разумеем любоў у нашым паўсядзённым жыцці”, - запрасіў ён. Францішак нагадаў, што Бог палюбіў нас першым і чакае нас з любоўю, і спытаў: “А ці мы чакаем з любоўю іншых?”. Папа заўважыў, што наша мова з’яўляецца лакмусавай паперкай стану любові і заклікаў бароцца з “грахамі языка”. 

Пасля гаміліі Святы Айцец удзяліў сакрамэнт канфірмацыі прыкаванай да інваліднай каляскі Маі і яе маці Паоле.

У канцы св. Імшы парафіяльная супольнасць падарыла Францішку абраз Маці Божай Даравання, дзякуючы за візіт.








All the contents on this site are copyrighted ©.