cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Касцёл \ Касцёл у Беларусі

Гімназія ў Гомелі носіць імя “святога доктара Масквы”

Гімназія ў Гомелі носіць імя “святога доктара Масквы” - RV

08/05/2018 11:49

Унікальны выпадак: у Беларусі імя каталіцкага падзвіжніка носіць свецкая ўстанова. У Гомелі ёсць гімназія, названая ў гонар Слугі Божага Фёдара Гааза, якога называюць “святым доктарам Масквы”. 6 мая 2018 г. завяршыўся дыяцэзіяльны этам беатыфікацыйнага працэсу рускага лекара нямецкага паходжання, які ў XIX ст. працаваў у турэмнай медыцыне Расіі, служыў бедным і зняволеным. 

Яшчэ да таго, як у Расіі быў распачаты беатыфікацыйны працэс, у 1992 годзе ў беларускім Гомелі з’явілася гімназія імя Фёдара Гааза. Пры стварэнні ўстановы дырэктар, чытаючы праваслаўны часопіс, выпадкова заўважыў фразу доктара “Спяшайцеся рабіць дабро” – яна стала дэвізам гімназіі. Бо менавіта гэтыя словы адпавядалі планам і ўнутраным чаканням маладога калектыву. 

Цікава, што гімназія №58 імя Гааза першая ў Гомелі навучальная ўстанова, якая пачала супрацоўнічаць з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Дзеці ходзяць у храмы, здзяйсняюць паломніцкія паездкі, а святары тут – частыя госці. 

Штогод у навучальнай установе ладзяцца Гаазаўскія чынні – конкурс вучнёўскіх даследчых работ. Выкладчык рэлігіязнаўства ў Гомельскім дзяржуніверсітэце імя Скарыны, каталіцкі вернік Віктар Адзіночанка – член журы Гаазаўскіх чытанняў. Ён разглядае работы школьнікаў і добра знаёмы з жыццём і дзейнасцю Слугі Божага.

“Безумоўна, гэта значны чалавек, і яго асобу неабходна разглядаць не як чалавека, які займаецца дабрачыннасцю, а менавіта як хрысціяніна, які займаецца дабрачыннасцю, бо ён у сваіх дзеяннях кіраваўся хрысціянскімі прынцыпамі. Вядомая яго спрэчка з праваслаўным Мітрапалітам Маскоўскім Філарэтам. Яны спрачаліся аб дапамозе зняволеным. Філарэт, напэўна, пад уплывам эмоцый, сказаў, што нявінных не асуджаюць. І ў адказ Гааз сказаў: “Уладыка, вы забыліся пра Хрыста”. Філарэт засмуціўся, і адказаў: “Так, я забыўся пра Бога”. А потым падумаў і паправіў сябе: “Не, у гэты момант Бог пра мяне забыўся, я страціў Ягоны дух”, - распавёў спадар Адзіночанка. У кантэксце Фёдара Гааза ён дадаў, што ў Гомелі ёсць цудоўныя прыклады цеснага і плённага супрацоўніцтва паміж праваслаўнымі і католікамі, у першую чаргу, у плане дабрачыннасці.

Фёдар (Фрыдрых) Гааз нарадзіўся ў 1780 г. у сям’і аптэкара ў мястэчку недалёка ад нямецкага Кёльна, наведваў курсы філасофіі і матэматыкі ў Енскім універсітэце, а ў Венскім – скончыў курс медыцынскіх навук. У 1806 г. прыехаў у Расію па запрашэнні князя Рэпіна, якога ён паспяхова вылечыў ў Вене. Гааза прызначылі галоўным урачом Паўлаўскага шпіталю, у вольны час ён лячыў бедных у багадзельнях і прытулках. У 1825 г. маскоўскі генерал-губернатар прызначыў доктара кіраўніком медыцынскай канторы. Затым Гааз стаў членам Маскоўскага губернскага турэмнага камітэта, а пазней – галоўным урачом маскоўскіх турмаў. У выніку яго намаганняў у 1832 г. адкрылася першая ў Расіі турэмная бальніца, ў 1836 – школа для дзяцей арыштантаў.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.


08/05/2018 11:49