2018-05-09 11:54:00

Папа: хрысціяне пакліканы да жыцця ў еднасці з Хрыстом


Як бацькі нараджаюць дзяцей да зямнога жыцця, так Касцёл, з дапамагой хросту, нараджае іх да жыцця вечнага, адзначыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 9 мая 2018 г. прайшла ў Ватыкане. Працягваючы цыкл катэхез аб сакрамэнце хросту, Францішак галоўным чынам засяродзіў сваю ўвагу на абрадзе хросту, які выяўляе пагружэнне ў Пасхальную таямніцу Хрыста.

“Аб сэнсе гэтага жэсту нагадвае св. Павел хрысціянам Рыма, спачатку пытаючыся: “Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у  смерць Ягоную ахрысціліся?”, а потым адказваючы: “Дык вось, мы пахаваныя разам з Ім хрышчэннем у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос з мёртвых дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці.” (Рым 6,3-4). Хрост адкрывае нам браму ўваскрослага, а не марнага жыцця. Адкрывае нам браму жыцця, паводле Езуса”, - падкрэсліў Папа.

Хрысцільня – гэта месца, дзе здзяйсняецца Пасха з Хрыстом. Тут адбываецца пахаванне старога чалавека, з яго зманлівымі пажадлівасцямі, каб нарадзілася новае стварэнне. У сувязі з гэтым, Пантыфік спаслаўся на св. Кірыла Іерусалімскага, які называў хрысцільную крыніцу “магілай” і “маці” для катэхуменаў.

“Нараджэнне новага чалавека патрабуе таго, каб у пыл ператварыўся стары чалавек, сапсуты грахом. Вобраз магілы і мацярынскага ўлоння, ужыты ў адносінах да хрысцільні, вельмі трапны, бо выражае, што адбываецца праз простыя жэсты хросту. Я б хацеў працытаваць лацінскія словы, змешчаныя на старажытным рымскім баптыстэрыі на Латэране і прыпісваюцца папе Сіксту ІІІ: “Маці-Касцёл у цнатлівасці нараджае праз ваду тых, каго зачала праз Божы подых. Чакайце Нябеснага Валадарства, вы, якія нарадзіліся да новага жыцця з гэтай крыніцы”. Як гэта цудоўна: Касцёл нас нараджае, Касцёл з’яўляецца ўлоннем, нашай Маці, дзякуючы хросту”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што, калі бацькі нараджаюць дзяцей да зямнога жыцця, то Касцёл, з дапамагой хросту, нараджае іх да жыцця вечнага. Праз хрост катэхумены становяцца Божымі дзецьмі, якім Нябесны Айцец паўтарае з бязмежнай любоўю: “Ты Сын Мой умілаваны”. Папа дадаў, што хрост накладае на чалавека духоўную пячатку Божага сыноўства, якая застаецца на ім ўсё жыццё, нават калі становіцца апошнім злачынцам, таму што Бог ніколі не адракаецца ад сваіх дзяцей.

Святы Айцец распавёў, што пасля абраду хросту здзяйсняецца намашчэнне святым хрызмам, што “з’яўляецца знакам каралеўскага святарства ахрышчанага і яго далучэння да супольнасці Божага народа”. 

“Браты і сёстры, тут заключана ўсё хрысціянскае пакліканне: жыць у еднасці з Хрыстом у Святым Касцёле, прымаючы ўдзел у той жа кансэкрацыі, каб спаўняць тую ж місію ў гэтым свеце, прыносячы плёны, якія будуць трываць вечна. Увесь Божы народ, ажыўлены тым самым Духам, удзельнічае ў справах Езуса Хрыста, “Святара, Прарока і Валадара”, і нясе адказнасць за місію і служэнне, якія з іх вынікаюць. Што значыць удзельнічаць у каралеўскім і прароцкім святарстве Хрыста? Гэта значыць чыніць з сябе ахвяру, прыемную Богу, складаючы Яму жывое сведчанне праз жыццё верай і любоўю, ставячы яго на службу іншым, па прыкладзе Пана Езуса”, - сцвердзіў Святы Айцец.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, Пантыфік нагадаў, што месяц май у Каталіцкім Касцёле прысвечаны ўшанаванню Найсвяцейшай Панны Марыі. У сувязі з гэтым ён заклікаў вернікаў да штодзённай ружанцовай малітвы, асабліва ў інтэнцыі міру ў Сірыі і ва ўсім свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.