2018-05-10 13:51:00

Святы Айцец у Факаляраў пра глабальную цывілізацыю запавету


10 мая 2018 г., пасля свайго візіту ў Намадэльфіа, Папа адправіўся на верталёце ў Міжнародны Горад Факаляраў у Лапіана, каля Фларэнцыі. Пасля малітвы ў касцёле Марыі Багародзіцы, Францішак сустрэўся на плошчы перад ім з членамі гэтага касцёльнага руху і адказаў на тры іх пытанні.

“Падчас сённяшніх эпахальных змен трэба імкнуцца не толькі да сустрэчы паміж людзьмі, культурамі і народамі, да саюзу паміж цывілізацыямі, але і сумесна адказаць на задачу пабудовы агульнай культуры сустрэчы, глабальнай цывілізацыі запавету”, - заахвоціў Францішак падчас сваёй прамовы.

Спасылаючыся на першае пытанне пра будучыню Лапіана, Пантыфік узгадаў два ключавыя словы з Паслання да Габрэяў: “parresia” i “hypomoné”.

Ён нагадаў, што першае ў Новым Запавеце выказвае лад жыцця вучняў Езуса: смеласць і шчырасць у сведчанні аб праўдзе, веру ў Бога і Яго міласэрнасць. “Parresia” адлюстроўвае асноўныя рысы хрысціянскага жыцця: сэрца звернутае да Бога, веру ў Яго любоў, што дапамагае ліквідаваць усе ілжывыя страхі, любую спакусу схавацца ў спакойным жыцці, канфармізме, крывадушнасці. Папа заклікаў кіравацца шчырасцю ў спалучэнні з павагай і адчувальнасцю.

Кажучы аб “Hypomoné”, Францішак нагадаў, што гэтае слова азначае падпарадкаванне, цярплівае прабыванне і здабыванне ўмення перажываць цяжкія сітуацыі, якія прыносіць жыццё. “Гаворка ідзе аб захаванні гэтага выбару з рашучасцю, нават за кошт цяжкасцяў і пярэчанняў, ведаючы, што гэта сталасць, стойкасць і цярпенне даюць надзею”, - патлумачыў ён. 

Пантыфік звярнуў увагу, што “асновай трываласці з’яўляецца Божая любоў, якая вылілася ў нашыя сэрцы праз Святога Духа, любоў, якая апярэджвае нас і дазваляе жыць з вызначанасцю, спакоем, станоўчасцю, уяўленнем, а таксама з адценнем гумару, нават у самыя цяжкія моманты”.

Адказваючы на ​​пытанне аб унёску, які павінны рабіць адукацыйныя і фармацыйныя ўстановы факаляраў, каб стварыць лідэрства, якое б вызначала новыя шляхі, Францішак заўважыў, што Лапіана кіруецца сінадальным стылем і з’яўляецца “школай Божага народа”, чыя дынаміка палягае на слуханні і ўзаемным абмене дарамі паміж усімі.

Папа назваў розныя віды фармацыі: духоўнае фарміраванне да розных пакліканняў; фармацыя да эканамічнай і палітычнай дзейнасці, да дыялогу ў яго розных праяўвах, у тым ліку экуменічнага і міжрэлігійнага; касцёльная і культурная фармацыя. “І гэта ўсё на службе іншым, з поглядам на чалавецтва, пачынаючы з тых, каго розным чынам штурхаюць на задворкі існавання”, - сказаў Францішак.

Ён паказаў на неабходнасць удакладнення фармацыйнага праекту, звязваючы паміж сабой асобныя праграмы, якія найбольш вызначана ўплываюць на дзяцей, моладзь, сем’і і людзей з рознымі пакліканнямі. “Асновай і ключом да ўсяго з’яўляецца “фармацыйная дамова”, якая ляжыць у фундаменце кожнай з гэтых праграм, і якая ў блізкасці і дыялогу знаходзіць свой прывілеяваны метад. Акрамя таго, трэба вучыцца адначасовай рэалізацыі трох моў: галавы, сэрца і рук”, - адзначыў Пантыфік у сваёй прамове.

У адказ на трэцяе пытанне, аб тым, як Лапіана сёння можа рэалізаваць сваю місію, адказваючы на ​​выклікі нашага часу, Папа адзначыў, што гісторыя цэнтру факаляраў толькі пачынаецца, як “маленькае семя, кінутае ў разоры гісторыі”, цяпер для чакання пладоў патрэбны: “пакора, адкрытасць, ўзаемадзеянне і здольнасць да рызыкі”.

Слова “facolare” мае італьянскае паходжанне і азначае “сямейны ачаг”, а ў шырокім значэнні – сям’ю. Заснавальніцай руху з’яўляецца К’яра Любіч. Факаляры не абмяжоўваюцца толькі католікамі. Рух прызнаюць пратэстанты і праваслаўныя. Сэрцам руху з’яўляюцца асобы, якія складаюць тры шлюбы: чыстасці, беднасці і паслухмянасці. Супольнасць ахоплівае таксама і сужэнцаў. Асноўныя прынцыпы руху факаляраў абапіраюцца на супольнае жыццё ва ўзаемнай любові і братэрстве, на Божае слова, а таксама на Эўхарыстыю, акрамя таго, яны носяць марыйны характар.








All the contents on this site are copyrighted ©.