2018-05-12 15:08:00

Сустрэча Францішка з біскупамі Чылі – за зачыненымі дзвярыма


Папа сустрэнецца з чылійскімі біскупамі, каб абмеркаваць сітуацыю, якая ўзнікла ў Касцёле ў гэтай краіне, пасля шэрагу злоўжыванняў з боку некаторых прадстаўнікоў мясцовага духавенства. Сустрэча будзе праходзіць 15-17 мая 2018 г. у ватыканскай Зале Паўла VI за закрытымі дзвярыма, таму публікацыя афіцыйных паведамленняў аб яе змесце не прадугледжана, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Перад абліччам абставінаў і надзвычайных выклікаў, якія ўзніклі ў выніку злоўжыванняў уладай, сексуальных злоўжыванняў і злоўжыванняў сумленнем, што мелі месца ў Чылі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, Святы Айцец лічыць неабходным глыбока вывучыць іх прычыны і наступствы, а таксама механізмы, якія прывялі, у некаторых выпадках, да ўтойвання і цяжкіх занядбанняў у адносінах да ахвяр, гаворыцца ў паведамленні Апостальскай Сталіцы.

У ходзе сустрэчы Францішак жадае падзяліцца асабістымі высновамі адносна нядаўняй спецыяльнай місіі ў Чылі, якая была даручана арцыбіскупу Мальты Чарльзу Шыклюне і кс. прэлату Ёрдзі Бэртамэў, супрацоўніку Кангрэгацыі Веравучэння, дапоўненымі шматлікімі сведчаннямі, пераказанымі ў пісьмовай і вуснай форме, якія ён працягваў атрымліваць на працягу апошніх тыдняў.

Падчас сустрэчы, у якой возьме ўдзел 31 дыяцэзіяльны і дапаможны біскупы, а таксама два біскупы на пенсіі, Святога Айца будзе суправаджаць прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў, кардынал Марк Уэле.

Мэта гэтага доўгага “сінадальнага працэсу” заключаецца ў тым, каб супольна і ў прысутнасці Бога вызначыць адказнасць усіх і кожнага за гэтыя спустошваючыя раны, а таксама прааналізаваць адпаведныя і доўгатрывалыя меры, якія перашкодзяць паўтарэнню падобных ганебных учынкаў.

У паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы падкрэсліваецца важнасць аднаўлення даверу да Касцёла дзякуючы добрым пастырам, якія сваім жыццём сведчаць, што пазналі голас Добрага Пастыра і могуць спадарожнічаць ахвярам у іх пакутах, а таксама рашуча і нястомна працаваць дзеля прадухілення злоўжыванняў.

Пантыфік падзякаваў біскупам Чылі за гатоўнасць чуць голас Святога Духа і звярнуўся з просьбай да вернікаў гэтай лацінаамерыканскай краіны маліцца аб ўсеагульным навяртанні.








All the contents on this site are copyrighted ©.