2018-05-15 16:12:00

Папа заклікаў Рымскую дыяцэзію да рэвалюцыі пяшчоты


Аднавіць тоеснасць Божага народу і пакінуць у мінулым некаторыя душпастырскія формы, якія не прыносяць плёнаў, заклікаў Францішак падчас сустрэчы з духавенствам, кансэкраванымі асобамі і свецкімі касцёльнымі супрацоўнікамі Рымскай дыяцэзіі. Яна адбылася 14 мая 2018 г. у базыліцы св. Яна на Латэране. Тэмай сустрэчы былі “духоўныя хваробы”, ад якіх можа пакутаваць дыяцэзіяльная супольнасць. 

Пасля ўступнай малітвы, Святы Айцец пазнаёміўся са справаздачай адносна галоўных цяжкасцяў у абвяшчэнні Евангелля, з якімі сустракаюцца духоўныя асобы і вернікі Вечнага горада. Гаворка ішла пра праблему высакамер’я; недахоп еднасці паміж хрысціянамі розных канфесіі, якія не вядуць дыялогу паміж сабой; пра вялікую колькасць душпастырскіх ініцыятыў, якія змяняюць адна адну і не пакідаюць часу для асэнсавання; пра недахоп у людзях, якія вучаць малітве; пра адсутнасць у касцёльных супольнасцях бедных, якія б прымалі ўдзел у евангелізацыі.

Затым Францішак адказаў на некалькі пытанняў. Ён заўважыў, што для аздараўлення ад духоўных немачаў трэба звярнуцца да каранёў: неабходна ўсвядоміць, што дасягнуць аздараўлення самастойна – немагчыма. “Патрэбны нехта, хто мне дапаможа. І першы – гэта Пан”, - сказаў Святы Айцец. Ён таксама адзначыў важнасць падтрымкі з боку духоўна сталых асоб, не толькі святароў, але і свецкіх вернікаў, пажылых і маладых.

Пантыфік папярэдзіў аб шкоднасці індывідуалізма і празмернай засяроджанасці на саміх сабе, якая аддаляе сэрцы людзей ад сапраўднага цэнтра. Для вяртання гармоніі ў асабістае і дыяцэзіяльнае жыццё, на яго думку, неабходна тры рэчы: першае – гэта зварот да Езуса. “Мы павінны прызвычаіцца чытаць адзін урывак Евангелля кожны дзень (...), каб увайсці ў лепшае знаёмства з Езусам”, - сказаў ён. Другое – гэта малітва, а трэцяе – ўчынкі міласэрнасці.

Францішак заклікаў прадстаўнікоў Рымскай дыяцэзіі да “новага зыходу”, які адновіць тоеснасць Божага народу, не шкадуючы таго, што трэба пакінуць у мінулым. “Варта слухаць вокліч народу – да чаго быў пакліканы Майсей, – будучы здольнымі, такім чынам, інтэрпрытаваць у святле Божага слова сацыяльныя і культурныя феномены”, - падкрэсліў Папа.

Паводле Святога Айца, рымская дыяцэзіяльная супольнасць павінна стаць суб’ектам сапраўднай “рэвалюцыі пяшчоты”. Трэба мець абноўлены душпастырскі позірк, які будзе ахопліваць патрэбы ўсіх жыхароў горада. “Не бойцеся прыносіць плён, дазволіць, каб вас “спажыла” рэальнасць, якую вы сустракаеце, нават калі гэта будзе вельмі падобна на знікненне, на смерць. Некаторыя традыцыйныя ініцыятывы павінны быць зменены ці нават увогуле знікнуць: мы зможам зрабіць гэта толькі ведаючы куды ідзём, навошта і з Кім”, - сказаў Папа. 

Францішак заклікаў прадстаўнікоў Рымскай дыяцэзіі адказаць для сабе на пытанне, “якія знявольваючыя з’явы і хваробы ўчынілі так, што мы сталі стэрыльнымі, бясплоднымі, як гэтага жадаў фараон ад ізраільскага народу, каб быў народам без дзяцей”. “Мы павінны ўбачыць, хто сёння з’яўляецца фараонам, той сілай, якая прэтэндуе на боскую і абсалютную ўладу і хоча стрымаць народ, каб не ўшаноўваў Пана, не належаў да Яго, а быў нявольнікам іншых сіл і іншых турботаў”, - падкрэсліў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.