2018-05-16 10:57:00

Папа занепакоены эскалацыяй насілля ў Святой Зямлі


Францішак выказаў хваляванне ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі ў Святой Зямлі, дзе ў выніку супрацьстаяння паміж ізраільскімі вайскоўцамі і палестынскімі маніфестантамі ў апошнія дні, паводле паведамленняў палестынскіх крыніц, загінулі некалькі дзесяткаў пратэстуючых і каля трох тысяч атрымалі раненні. З адмысловым заклікам Папа звярнуўся 16 мая 2018 г., падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

“Я вельмі занепакоены эскалацыяй напружанасці ў Святой Зямлі і на Блізкім Усходзе, а таксама спіраллю насілля, якая ўсё больш аддаляе ад шляху міру, дыялогу і перамоў. Выказваю мой глыбокі смутак аб загінулых і параненых і сваю блізкасць, з малітвай і любоўю, да ўсіх, хто пакутуе. Паўтараю, што выкарыстанне насілля ніколі не вядзе да міру. Вайна выклікае вайну, насілле выклікае насілле. Заклікаю ўсе зацікаўленыя бакі і міжнародную супольнасць аднавіць высілкі, каб запанавалі дыялог, справядлівасць і мір”, - заклікаў Папа.

Пасля кароткай малітвы ў інтэнцыі міру ў рэгіёне, Францішак павіншаваў вызнаўцаў іслама з пачаткам Рамадана. “Няхай гэты прывелеяваны час малітвы і посту дапаможа крочыць Божым шляхам, які з’яўляецца шляхам міру”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Абвастрэнне сітуацыі ў Святой Зямлі пачалося 14 мая 2018 г. на фоне пераносу пасольства Злучаных Штатаў Амерыкі з Тэль-Авіва ў Іерусалім, што фактычна азначае прызнанне гэтага горада сталіцай Дзяржавы Ізраіль. Акцыя палестынскага насельніцтва пачалася з самай раніцы на мяжы сектара Газа з Ізраілем. Ізраільскае войска падавіла пратэсты з выкарыстаннем зброі.








All the contents on this site are copyrighted ©.