2018-05-17 15:29:00

Францішак: еднасць – гэта шлях вучняў Хрыста


Існуюць два шляхі – сапраўднай еднасці, да якой нас жадае прывесці Хрыстус, і фальшывай, якая знішчаецца праз абгаворы і асуджэнні, адзначыў Святы Айцец падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 17 мая 2018 г. у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. 

У гаміліі Папа заўважыў, што сапраўдная еднасць падобная на тую, якую Езус мае з Айцом. Пра яе гаворыцца ва ўрыўку евангелля св. Яна (17,20-26), дзе Хрыстус моліцца аб адзінстве паміж сваімі вучнямі. Гэта збаўчая еднасць, якая вядзе да вечнасці. “Калі мы, у жыцці, у Касцёле ці грамадстве, працуем дзеля еднасці”, мы знаходзімся на шляху, які вызначыў для нас Езус, заўважыў Пантыфік.

Іншы прыклад – гэта фальшывая еднасць, якая існавала паміж абвінаваўцамі св. Паўла – садукеямі і фарысеямі, – апісаная ў Дзеях Апосталаў (22,30; 23,6-11), якая ў выніку спрэчкі, што ўзнікла паміж імі адносна пытання аб уваскрасенні, завяршылася падзелам.

Папа заўважыў, што гэта, аднак, не спыніла пераследу св. Паўла, а народ, пад уплывам падбухторшчыкаў, пачаў патрабаваць яго смерці. Каментуючы гэта здарэнне, Святы Айцец заўважыў, што народ быў выкарыстаны і ператварыўся ў ананімную масу. Так здараецца часта, дастаткова ўзгадаць, як у жыхары Ерузалема спачатку ўрачыста віталі Хрыста, а потым патрабавалі Яго ўкрыжавання, нагадаў Папа.

Францішак заўважыў, што людзі нярэдка аб’ядноўваюцца для таго, каб асудзіць чалавека, а потым іх еднасць знікае. Для гэтага часта выкарыстоўваецца паклёп, які Пантыфік чарговы раз рашуча асудзіў, падкрэсліўшы, што гэта з’ява з’яўляецца патэнцыйна забойчай. Папа дадаў, што ў адносінах да Хрыста абгаворы выкарыстоўваліся спачатку для яго дыскрэдытацыі, а потым – забойства.

“Падумаем пра вялікае пакліканне, якое мы маем: пакліканне да еднасці з Езусам, з Айцом. Гэтым шляхам мы павінны ісці. Мы павінны быць людзьмі, якія яднаюцца і заўсёды спрабуюць ісці шляхам еднасці”, - заклікаў Святы Айцец на заканчэнне сваёй гаміліі.








All the contents on this site are copyrighted ©.