cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Падзеі і дакументы

Святы Пасад віншуе мусульман з пачаткам Рамадана

Святы Пасад віншуе мусульман з пачаткам Рамадана - REUTERS

18/05/2018 13:18

Папская рада па міжрэлігійным дыялогу распаўсюдзіла афіцыйнае пасланне да ўсіх вызнаўцаў ісламу ў сувязі з распачатым 16 мая 2018 г. месяцам Рамадан. “Разважанні, якімі б мы хацелі падзяліцца з вамі з гэтай нагоды, датычаць надзённага пытання стасункаў паміж хрысціянамі і мусульманамі – неабходнасці пераходу ад саперніцтва да супрацоўніцтва”, - гаворыцца ў лісце за подпісам кардынала Жан-Луі Тарана, старшыні ўзгаданай ватыканскай структуры.

Дух спаборніцтва, якім у мінулым былі занадта часта пазначаны адносіны паміж вызнаўцамі дзвюх рэлігій, прывёў да шэрагу негатыўных наступстваў – зайздрасці, узаемных абвінавачванняў, напружанасці і нават жорсткіх сутычак па прычыне інструменталізацыі рэлігій асобнымі палітычнымі рухамі для дасягнення ўласных інтарэсаў, сцвярджаецца ў пасланні.

Менавіта “рэлігійная канкурэнцыя” пакінула негатыўны адбітак на абліччы рэлігій і іх вызнаўцах, спарадзіўшы ідэю, нібы яны з’яўляюцца крыніцай напружанасці і жорсткасці, а не супакою.

Для выхаду з гэтай сітуацыі Папская рада па міжрэлігійным дыялогу заклікае памятаць пра маральныя і рэлігійныя каштоўнасці, якія падзяляюць паслядоўнікі хрысціянства і ісламу. Вызнаючы тое агульнае, што маем, і дэманструючы павагу да існуючых адметнасцей, мы можам залажыць з яшчэ большай трываласцю моцны падмурак для мірных стасункаў і супрацоўніцтва на карысць агульнага дабра і, асабліва, найбольш патрабуючых, гаворыцца ў паведамленні.

Братэрскія адносіны, сумесная праца і ўзаемная павага стануць сапраўдным “праслаўленнем Усемагутнага Бога і спрыяннем гармоніі ў грамадстве, якое з часам становіцца ўсё больш шматэтнічным, шматрэлігійным і шматкультурным”, выказаў упэўненасць прадстаўнік Святога Пасаду.


18/05/2018 13:18