2018-05-18 12:52:00

Францішак пра карту і компас пастыра


Любоў да статка, клопат пра яго, падрыхтаванасць да крыжа і неўмяшанне не ў свае справы – гэта, паводле Францішка, правільнае стаўленне людзей, якія ідуць за Хрыстом. Сваімі разважаннямі адносна фрагмента Евангелля св. Яна (21,15-19) Папа падзяліўся 18 мая 2018 г., падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. У ім апісваецца апошні дыялог паміж Езусам і Пятром.

Пантыфік вылучыў тры ўказанні Хрыста: любіць Яго, пасвіць давераны статак і быць падрыхтаваным да крыжа, таму што “калі састарышся, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража і павядзе, куды не хочаш”. Ён удакладніў, што быццё сапраўдным вучнем Пана спалучана, перш за ўсё, з уменнем любіць, а потым – з клопатам пра статак. У гэтым – сапраўдная тоеснасць біскупа і святара.

“Любі мяне больш, чым іншыя, любі мяне, як можаш, але любі мяне. Гэта тое, што Пан патрабуе ад пастыраў, а таксама ад усіх нас. “Любі мяне”. Любоў з’яўляецца першым крокам у дыялогу з Панам”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што прымаючы Хрыста павінен быць гатовы да мучаніцтва, нясення крыжа, да падарожжа “куды не хочаш”.

“Рыхтуйся да выпрабаванняў, падрыхтуйся пакінуць усё, каб прыйшоў іншы і рабіў сваё. Будзь падрыхтаваны на гэту анігіляцыю ў тваім жыцці. І будуць весці цябе шляхам прыніжэння, магчыма, і мучаніцтва. А тыя, хто, калі ты быў пастырам, усхвалялі цябе, гаварылі пра цябе добра, цяпер будуць абгаворваць, бо іншы, хто прыходзіць, здаецца лепшым за цябе. Падрыхтуйся. Падрыхтуйся да крыжа, калі цябе павядуць, куды не хочаш. Любі, пасві, падрыхтуйся. Гэта карта, компас пастыра”, - падзяліўся Францішак.

Папа перасцярог ад спакусы “сунуць нос не ў свае справы” і заключаць нейкія пагадненні. “Пастыр любіць, пасвіць, рыхтуецца да крыжа, да прыніжэння, а не суне свой нос у жыццё іншых, не губляе часу на пагадненні, пагадненні ўнутры Касцёла”, - заключыў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.