cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Гаміліі

Папа: Касцёл, як Маці, пакліканы крочыць шляхам ласкавасці

Папа: Касцёл, як Маці, пакліканы крочыць шляхам ласкавасці

21/05/2018 11:41

Касцёл павінен крочыць шляхам ласкавасці, бо з’яўляецца Маці, нагадаў Францішак падчас ранішняй св. Імшы, якую 21 мая 2018 г. цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. У гаміліі ён спаслаўся на літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, які ўпершыню адзначаецца ў Касцёле. Ён быў унесены ў літургічны каляндар некалькі месяцаў таму і прызначаны на панядзелак пасля ўрачыстасці Спаслання Духа Святога.

Францішак заўважыў, што ў Евангеллі Марыя ўзгадваецца як “Маці Езуса”, а не як, напрыклад, “Пані” ці “ўдава св. Юзафа”. Жаноцкасць Марыі спалучана з жаноцкасцю Касцёла, бо калі Касцёл губляе гэтае вымярэнне, ён страчвае штосьці са сваёй тоеснасці і становіцца проста арганізацыяй, на падабенства дабрачыннай структуры, перакананы Папа.

Паводле Святога Айца, толькі маючы жаночае вымярэнне Касцёл можа быць плённым, можа даваць жыццё. Неабходна, каб ён памятаў пра гэта сваё пакліканне нявесты і маці. У адваротным выпадку можа ператварыцца ў супольнасць халасцякоў, якія жывуць у ізаляцыі, няздольныя любіць і даваць жыццё. 

“Без жанчыны Касцёл не рушыць наперад, таму што сам з’яўляецца жанчынай. Гэтае яго жаночае вымярэнне паходзіць ад Марыі, бо Езус так пажадаў”, - падкрэсліў Францішак.

Папа заўважыў таксама, што адметнай жаночай рысай з’яўляецца пяшчотнасць. Ён нагадаў як Марыя “спавіла ў пялюшкі свайго першароднага Сына і паклала ў яслі”. “Клапаціцца, з лагоднасцю і пакорай, гэта характэрная рыса маці”, - дадаў ён.

Францішак падкрэсліў, што Касцёл, будучы Маці, павінен крочыць шляхам ласкавасці, павінен валодаць мудрай мовай пяшчоты, маўчання, позірку, здольнага спачуваць. Тое самае тычыцца людзей, што жывуць прыналежнасцю да Касцёла, якія пакліканы крочыць па жыцці з лагоднасцю, усмешкай на твары, поўныя любові, лічыць Святы Айцец.


21/05/2018 11:41