cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:
Ватыканскае радыё

Галоўная / Падарожжы Папы

Папа да нарказалежных: ваша дарога – доўгая і цяжкая, але глядзіце наперад


RealAudioMP3 Папа Францішак заклікаў да мужнай барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў у Лацінскай Амерыцы. Гэта зло, падкрэсліў Святы Айцец, прапагандуе насілле, боль і смерць, і таму, патрэбны адважныя крокі для яго знішчэння з боку ўсяго грамадства. Папа наведаў 24 ліпеня вечарам у Рыа-дэ-Жанейра клініку імя св. Францішка Асізскага, якая спецыялізуецца на лячэнні людзей з залежнасцямі, перш за ўсё, наркаманаў. Францішак рашуча асудзіў тэндэнцыі ў лацінаамерыканскіх краінах да легалізацыі некаторых відаў наркотыкаў. Вырашэнне праблемы наркаманіі, паводле Пантыфіка, патрабуе спачування, клопату і любові. Замест гэтага часта ў грамадстве пераважае эгаізм.

“Чума гандлю наркотыкамі, якая вядзе да насілля і сее боль і смерць, патрабуе акту мужнасці грамадства ў цэлым. Немагчыма абмежаваць распаўсюд і ўздзеянне хімічнай залежнасці шляхам лібералізацыяй наркотыкаў, што ў цяперашні час абмяркоўваецца ў розных частках Лацінскай Амерыкі. Трэба заняцца праблемамі, якія ляжаць у аснове іх выкарыстання, распаўсюджваючы справядлівасць, выхоўваючы моладзь да каштоўнасцяў, якія будуюць супольнае жыццё, суправаджаючы тых, хто адчувае цяжкасці, і даючы надзею на будучыню. Мы ўсе павінны зірнуць на іншых вачамі любові Хрыста, навучыцца абдымаць патрабуючых, каб выказаць блізкасць, пачуцці, любоў”, - сказаў Папа, звяртаючыся да 500 пацыентаў, медыкаў і іх сем’яў у бальніцы св. Францішка.

Проста абняць чалавека, які знаходзіцца ў цемры залежнасці, не хопіць, заўважыў Пантыфік, трэба падаць яму руку дапамогі і сказаць: “ты можаш падняцца, выйсці з гэтага, гэта цяжка, але магчыма, калі жадаеш”. Людзям, якія змагаюцца супраць залежнасці, Папа нагадаў, што толькі асабіста яны могуць прыняць рашэнне змагацца і ўстаць, ніхто не можа зрабіць гэтага за іх. “Гэта абавязковая ўмова”, - падкрэсліў Францішак. “Ваша дарога – доўгая і цяжкая, але глядзіце наперад”, - дадаў ён. Папа заклікаў маладых нарказалежных не дазволіць нікому скрасці ў сябе надзею, а ўсіх іншых – гэтай надзеі не красці, наадварот, несці яе патрабуючым.

Францішак назваў бальніцу “санктуарыем чалавечага цярпення” і месцам, дзе асоба атрымлівае магчымасць вызваліцца ад божка залежнасці. Тут чалавек можа зразумець, “што не рэчы, маёмасць, божкі гэтага свету з’яўляюцца сапраўдным багаццем і прыносяць сапраўдную радасць, але наследаванне Хрыста і служэнне іншым”, - падкрэсліў Папа і дадаў, што ў шпіталі, месцы барацьбы з хімічнай залежнасцю, хацеў бы абняць кожнага і прасіць, каб Бог напоўніў жыццё пацыентаў сэнсам і надзеяй.

Святы Айцец падзякаваў супрацоўнікам клінікі за “цэннае служэнне” і пажадаў спаўняць яго ў любові і спачуванні. Ён звярнуўся да сем’яў нарказалежных і нагадаў, што яны не самотныя: “Касцёл не далёка ад вашых намаганняў; ён суправаджае вас з любоўю. Пан побач з вамі і трымае вас за руку. Глядзіце на Яго ў самыя цяжкія моманты, Ён дасць вам суцяшэнне і надзею”, - сказаў Папа.

Францішак правёў некаторы час у размовах з пацыентамі клінікі, якія расказалі яму пра свае цярпенні. Святы Айцец наведаў шпітальную капліцу, дзе маліўся на працягу некалькіх хвілін. Ён благаславіў новае тэрапеўтычнае аддзяленне для лячэння нарказалежных, будаўніцтва якога было прафінансавана італьянскай біскупскай канферэнцыяй.

Клініка св. Францішка Асізскага, якой кіруе супольнасць свецкіх францішканаў, размешчана на паўднёвай ўскраіне Рыа-дэ-Жанейра. Заснаваная ў 1985 г., яна прапануе тэрапію для залежных ад наркотыкаў і алкаголю, а таксама хірургічную дапамогу. Шпіталь разлічаны ў цяперашні час на 500 пацыентаў.