cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:
Ватыканскае радыё

Галоўная / Падарожжы Папы

Пантыфік пасля візіту ў Бразілію: патрэба прастаты духавенства і блізкасці Касцёла да вернікаў


RealAudioMP3 Духавенства павінна сведчыць прастату, а нават беднасць, лічыць Папа Францішак. “Нашы людзі патрабуюць беднасці нашых святароў”, - заявіў ён у інтэрв’ю бразільскаму тэлебачанню “TV Globo” 28 ліпеня, на заканчэнне свайго падарожжа ў Бразілію. Менавіта гэта перакананне ляжыць у аснове яго рашэння пасяліцца ў ватыканскім Доме св. Марты, а не Апостальскім палацы, і выкарыстоўваць самыя сціплыя мадэлі аўтамабіляў. “Я веру, што Бог патрабуе ад нас у гэты момант больш прастаты. Той, якая ідзе знутры і радуе душу”, - сказаў Папа. Ён падкрэсліў, што менавіта адсутнасць гэтай прастаты і блізкасці да людзей справакавала адыход многіх лацінаамерыканцаў з Касцёла. “Калі Касцёл, заняты тысячамі рэчаў, грэбуе гэтай блізкасцю і мае зносіны толькі з дакументамі, становіцца як маці, якая размаўляе са сваім сынам толькі з дапамогай лістоў”, - сказаў Папа. На яго думку, людзі гэтага не разумеюць і таму ідуць туды, дзе імі займаюцца і сілкуюць Божым словам.

Адказваючы на пытанне пра сітуацыю з Рымскай курыяй, Папа адзначыў, што ў ёй працуе “шмат святых кардыналаў, біскупаў, святароў, законнікаў і свецкіх”. Магчыма, яны менш заўважальныя, але больш шуму робіць тое дрэва, якое падае, чым тое, якое расце, выкарыстаў параўнанне Пантыфік і спаслаўся на апошнюю сітуацыю з прэлатам, які быў абвінавачаны ў адмыванні грошай. Рэформа Рымскай курыі – гэта справа вельмі сур’ёзная, адзначыў Францішак, і не хуткая. Але, Касцёл заўсёды павінен быць рэфармаваны, як кажа старажытнае прыслоўе. Касцёл з’яўляецца арганізмам дынамічным і рэагуе на змены жыцця. Папа прызнаўся, што ўжо ёсць “вельмі выразныя і шчыльныя” прапановы па рэформе і ён не збіраецца зыходзіць з гэтага шляху.

Папа выказаўся і наконт пратэстаў у Бразіліі ў дні Сусветных дзён моладзі. Сярод пратэстуючых таксама было шмат маладых людзей. Францішак прызнаўся, што не ведае іх патрабаванняў, але яму адпавядае тое, што малады чалавек, гэта заўсёды змагар і бунтаўнік. “Малады чалавек мае энергію бараніць свае ідэалы. Малады чалавек, па сваёй сутнасці, заўсёды нонканфарміст. І гэта вельмі добра! - сказаў Пантыфік - Гэта агульная рыса ўсіх маладых людзей. Таму, у цэлым, мы павінны пачуць маладых людзей, каб даць ім магчымасць выказаць сябе і гарантаваць, каб імі не маніпулявалі”.

На думку Францішка трэба “стымуляваць культуру сустрэчы ва ўсім свеце” і адмаўляцца ад эгаізму. “Калі ёсць дзіця, галоднае, якое не мае доступу да адукацыі, гэта павінна заахвоціць нас да дзеяння”, - перакананы Папа. Хто гэта зробіць, католікі, пратэстанты, праваслаўныя ці яўрэі, не мае значэння. “Важна, каб дзіця атрымала адукацыю і ежу”, - падкрэсліў ён і дадаў, што гэта база для паразумення паміж рэлігіямі і дзяржавамі. “Я думаю, што рэлігіі, розныя рэлігіі, не могуць спаць спакойна, пакуль яшчэ ёсць хоць адно дзіця, якое памірае ад голаду, без адукацыі, ёсць хоць адзін малады ці стары без лячэння”, - прызнаўся Францішак і дадаў, што няма ніякага сэнсу казаць пра тэалогію не маючы магчымасці выйсці і дапамагчы іншым, асабліва ў сённяшнім свеце.