cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:
Ватыканскае радыё

Галоўная / Касцёл

Францішак наведаў рымскіх езуітаў


RealAudioMP3 “Паставіць Хрыста ў цэнтр уласнага жыцця”, - заклікаў папа Францішак удзельнікаў Эўхарыстыі, якую ўзначаліў у рымскім галоўным езуіцкім касцёле Найсвяцейшага Імя Езуса, больш вядомага як “Іль-Джэзу”. Святы Айцец наведаў гэту святыню 31 жніўня, ва ўспамін св. Ігнацыя Лаёлы, заснавальніка Ордэна езуітаў, да якога ён сам належыць. Літургія з Пантыфікам насіла прыватны характар. У ёй прынялі ўдзел каля 80-ці законнікаў на чале з генеральным настаяцелем Ордэна езуітаў, кс. Афольфа Нікаласам, супрацоўнікі езуіцкіх структур і прадстаўніцы жаночых манаскіх кангрэгацый, натхнёных ігнацыянскай духоўнасцю. Перад уваходам у касцёл Святога Айца віталі тысячы вернікаў. Візіт Францішка ў рымскую езуіцкую супольнасць працягваўся каля 2-х гадзін. У сваёй гаміліі падчас св. Імшы Папа звярнуў увагу на тры аспекты: неабходнасць паставіць у цэнтр свайго жыцця Хрыста і Касцёл, служэнне, і адчуванне сораму за уласныя слабасці і грахі. Францішак нагадаў, што езуіты не павінны ісці ізаляваным ад усяго Касцёла шляхам. “Служыць Хрысту – значыць любіць гэты Касцёл, і служыць яму са шчырасцю і ў духу паслухмянасці”, - сказаў ён.

Святы Айцец адзначыў, што неабходна быць адкрытым на дзейнасць Бога: дазволіць Пану авалодаць сабой, каб лепш служыць бліжнім. Паводле Францішка, трэба саромецца ўласных слабасцяў і грахоў, бо пакора дазваляе ўбачыць, што “не мы будуем Валадарства Божае, але гэта ласка Пана заўсёды дзейнічае ў нас”.

Пантыфік узгадаў пра кс. Паўла Даль Ольё, які некалькі дзён таму быў выкрадзены ў Сірыі. Святы Айцец звярнуў увагу таксама на прыклад двух езуітаў, якія аддалі жыццё, служачы Евангеллю – св. Францішка Ксаверыя і айца Пэдра Арупэ. На заканчэнне Эўхарыстыі ён узначаліў працэсію да алтара з рэліквіямі св. Ігнацыя Лаёлы, якія захоўваюцца ў касцёле. Тут Папа запаліў зніч.

Некалькі дзён таму, размаўляючы з журналістамі па дарозе з Рыа-дэ-Жанейра ў Рым, Францішак адзначыў, што мае ў сэрцы езуіцкую духоўнасць. “Я адчуваю сябе езуітам і думаю як езуіт”, - сказаў Папа.