cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:
Ватыканскае радыё

Галоўная / Аўдыенцыі і малітва «Анёл Панcкі»

Папа перад “Анёл Панскі”: вы можаце ўявіць сабе Касцёл без законніц? (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Святы Айцец сустрэўся 2 лютага 2014 г. у Ватыкане з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. Ён нагадаў пра важнасць абароны жыцця і выказаў падтрымку аб’яднанням і рухам, якія ўдзельнічаюць у такога роду ініцыятывах. У Італіі 2 лютага адзначаецца Дзень абароны жыцця. Пантыфік далучыўся да звароту італьянскіх біскупаў, якія падкрэслілі, што кожнае дзіця з’яўляецца падарункам для сям’і і грамадства. Кожны, адпаведна да сваёй ролі і сферы дзейнасці, павінен адчуваць сябе пакліканым любіць жыццё і служыць яму, прымаць жыццё і шанаваць яго, асабліва на самых далікатных этапах яго развіцця, калі яно мае патрэбу ва ўвазе і клопаце, ад улоння маці да яго канца на гэтай зямлі, падкрэсліў папа Францішак. Падчас сваіх разважанняў перад “Анёл Панскі” ён запрасіў вернікаў да малітвы за асоб, якія далі адказ на пакліканне Езуса і рэалізуюць сябе ў манаскім жыцці. Пантыфік нагадаў, што 2015-ы будзе ў Касцёле прысвечаны асаблівым чынам кансэкраванаму жыццю.

“Сёння мы адзначаем свята Ахвяравання Пана ў святыні. - сказаў Святы Айцец - Сёння таксама – Сусветны дзень кансэкраванага жыцця, які нагадвае пра важнасць для Касцёла людзей, якія пачулі заклік да неадкладнага наследавання Езуса на шляху евангельскіх парад. Сённяшняе Евангелле кажа нам, што праз сорак дзён пасля нараджэння Езуса, Марыя і Юзаф, у адпаведнасці з габрэйскім законам, занеслі Дзіця ў святыню, каб прысвяціць і ахвяраваць Яго Богу. Гэта евангельская падзея з’яўляецца таксама іконай ахвяравання свайго жыцця праз тых, хто, у сілу Божага дару, прымае тыповыя рысы Езуса цнатлівага, беднага і паслухмянага.

Гэты дар сябе для Бога тычыцца кожнага хрысціяніна, таму што мы ўсе кансэкраваныя Яму праз хрост. Мы ўсе пакліканы прысвяціць сябе Айцу, разам з Езусам, і як Езус, робячы наша жыццё шчодрым дарам у сям’і, на працы, у служэнні Касцёлу, у справах міласэрнасці. Аднак, гэту кансэкрацыю пражываюць асаблівым чынам законнікі, манахі, свецкія кансэкраваныя асобы, якія праз шлюбы цалкам і выключна належаць да Бога. Гэта прыналежнасць да Пана дазваляе тым, хто сапраўды ёй жыве, даць асаблівае сведчанне Евангелля Божага Валадарства. Будучы цалкам прысвечанымі Богу, яны да канца адданыя братам, каб несці святло Хрыста туды, дзе пануе самая шчыльная цемра, і распаўсюджваць надзею ў сэрцах прыгнечаных.

Кансэкраваныя асобы з’яўляюцца прыкметай Бога ў розных сферах жыцця, з’яўляюцца закваскай развіцця больш справядлівага і братняга свету, прароцтвам дзялення з самымі малымі і беднымі. Так разуметае і пражыванае кансэкраванае жыццё праяўляецца такім, якім яно ёсць на самой справе: яно – дар ад Бога! Божы дар для Касцёла, дар Бога для свайго народа! Кожная кансэкраваная асоба з’яўляецца дарам для нас – Божага народа – на шляху. Гэта прысутнасць вельмі патрэбная; яна ўмацоўвае і абнаўляе справу абвяшчэння Евангелля, хрысціянскага выхавання, міласэрнасці да найбольш патрабуючых, кантэмпляцыйнай малітвы, справу чалавечай і духоўнай фармацыі маладых людзей і сем’яў, намаганні для справядлівасці і міру ў чалавечай сям’і. Падумаем, што было б, калі мы не мелі б законніц, сясцёр у шпіталях, сясцёр-місіянерак, сясцёр у школах? Вы можаце ўявіць сабе Касцёл без законніц... Не, не можна ўявіць! Яны з’яўляюцца дарам, закваскай, тымі, якія штурхаюць Божы народ наперад. Гэтыя жанчыны – выдатныя, яны кансэкруюць сваё жыццё і нясуць пасланне Езуса!

Касцёл і свет маюць патрэбу ў гэтым сведчанні любові і Божай міласэрнасці. Кансэкраваныя асобы, законнікі і законніцы, таксама з’яўляюцца сведчаннем, што Бог добры, што Бог міласэрны. Таму, неабходна з удзячнасцю шанаваць практыку кансэкраванага жыцця і паглыбіць свае веды пра розныя харызматы і духоўнасць. Нам трэба маліцца, каб многія маладыя людзі адказалі “так” Пану, Які кліча іх да поўнага прысвячэння Яму для самаадданага служэння братам, да кансэкрацыі жыцця для сужэння Богу і братам.

Па ўсіх гэтых прычынах , як ужо было абвешчана , 2015-ы будзе прысвечаны асаблівым чынам кансэкраванаму жыццю. Даверым ужо зараз гэтую ініцыятыву заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Юзафа, якія як бацькі Езуса былі першымі кансэкраваныя Ім і прысвяцілі сваё жыццё Яму”, - сказаў перад “Анёл Панскі” Пантыфік.

Пасля марыйнай малітвы папа Францішак узгадаў жыхароў Рыма і Тасканы, якія пацярпелі ад дажджоў, што выклікалі паводкі і затапленні. Ён заклікаў сабраных на плошчы св. Пятра да салідарнасці і малітвы за іх.